Лукашэнка ляціць у Казахстан
07.06.2017 / 15:23
Аляксандр Лукашэнка 8—9 чэрвеня зробіць рабочы візіт у Казахстан, дзе возьме ўдзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
У сваім выступе на саміце кіраўнік дзяржавы агучыць пазіцыю беларускага боку па пытаннях далейшага развіцця арганізацыі, у тым ліку яе эканамічнага вымярэння.
Лукашэнка таксама прыме ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця міжнароднай спецыялізаванай выставы «ЭКСПА - 2017» у Астане, дзе прадстаўлены і беларускі павільён. Афіцыйна свой удзел у выставе пацвердзілі больш за 110 краін і каля 20 міжнародных арганізацый.
Акрамя таго, запланавана двухбаковая сустрэча прэзідэнта Беларусі з прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць парадак дня беларуска-казахстанскіх адносін, узаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах.