Нацыянальная партыя Корсікі ўпершыню перамагла на выбарах

19.06.2017 / 10:06

Ліберальны рух прэзідэнта Макрона здабыў пераканаўчую большасць у Нацыянальным сходзе, сацыялісты перажылі разгром, а антыеўрапейскі Нацыянальны фронт адкінуты ў глухі кут. Такі вынік прынеслі парламенцкія выбары ў Францыі.

З цікавостак: на востраве Корсіка ўпершыню перамаглі кандыдаты ад нацыянальнай кааліцыі Pè a Corsica (па-карсіканску гэта азначае «Для Корсікі»). Партыя ўяўляе сабой кааліцыю незалежнікаў і аўтанамістаў. На чале яе стаіць мэр горада Бастыя.

На апошніх рэгіянальных выбарах Pè a Corsica здабыла 25% галасоў. А ўчора кандыдаты кааліцыі перамаглі ў трох з чатырох акругах вострава.

Згодна з апытаннямі грамадскай думкі, за незалежнасць вострава выступае менш за 15% жыхароў, але прыкладна палова хоча большай аўтаноміі.

Францыя захапіла Корсіку ў 1769 годзе. У 1970—2010-х Фронт нацыянальнага вызвалення Корсікі ажыццявіў шэраг тэрактаў з патрабаваннем незалежнасці для вострава.

На Корсіцы жыве 330 тысяч чалавек. Існуе асобная карсіканская мова, але яна амаль знікла з ужытку.

СГ