Беларус прадаў нырку, каб зладзіць вяселле і адпачыць у Егіпце

19.06.2017 / 10:24

Трое беларусаў сталі ахвярамі «чорных трансплантолагаў», аднак зарабілі па сем тысяч даляраў за органы. Грамадзянін Беларусі прадаў нырку дзеля двухтыднёвага адпачынку на курорце ў Егіпце і арганізацыі вяселля, паведамілі ў эфіры тэлеканала СТВ.

Злачынная схема «чорных трансплантолагаў» з Косава была раскрытая яшчэ ў 2007 годзе — высветлілася, што ахвярамі сталі трое беларусаў. Згодна з агучанай дзяржаўным тэлебачаннем інфармацыяй, беларусам за продаж донарскіх органаў плацілі па сем тысяч даляраў.

Аднаго мужчыну прааперавалі ў Косава, другога — у Эквадоры, трэцяга — у Кіеве. Адзін з «пацыентаў» расплаціўся такім чынам за арганізацыю вяселля і два тыдні адпачынку ў Егіпце, астатнія купілі за гэтыя сродкі скутар і ноўтбук.

У сюжэце нагадалі і пра тое, што камерцыялізацыя працэсу абмену органамі крымінальна караецца.