Тры чвэрці насельніцтва планеты сутыкнецца са смяротна небяспечнай спякотай у наступныя 80 год
Да канца XXI стагоддзя тры чвэрці насельніцтва планеты сутыкнецца са смяротна небяспечнай спякотай. Пра даследаванне амерыканскіх і брытанскіх навукоўцаў распавядае The Independent.
21.06.2017 / 16:51
Вывучаючы розныя навуковыя даследаванні па глабальным пацяпленні, спецыялісты выявілі больш за 1900 месцаў на Зямлі, дзе людзі загінулі ў выніку гарачага або вільготнага надвор'я з 1980 года. Напрыклад, у Маскве ў 2010 годзе загінула больш за 10 800 чалавек, а ў Парыжы ў 2003 годзе — 4 900 чалавек. Спякота ў Чыкага ў 1995 годзе забрала жыцці 740 чалавек.
Каля траціны насельніцтва Зямлі ў 2000 годзе праз уздзеянне гарачага клімату на працягу 20 дзён ці больш падвяргаліся патэнцыйна смяротным станам, падсумавалі спецыялісты.
Яны папярэдзілі, што гэтая лічба можа ўзрасці да 74% да канца стагоддзя, калі выкіды вугляроду працягнуцца на такіх высокіх узроўнях. Нават самая агрэсіўная праграма па скарачэнні выкідаў парніковых газаў знізіць гэтую імавернасць толькі да 47% да 2100 года.
Між тым клімат мяняецца настолькі хутка, што людзі наўрад ці змогуць выпрацаваць ўстойлівасць да высокіх тэмператур. Антрапагенная дзейнасць змяняе клімат у 170 разоў хутчэй, чым сілы прыроды — гэта пагібельна для многіх відаў раслін і жывёл, дадаюць спецыялісты.
У выніку да канца стагоддзя са смяротнай спякотай сутыкнецца больш за палову насельніцтва планеты. Найцяжэйшыя ўмовы надвор'я, як чакаецца, будуць у трапічных рэгіёнах планеты.