МЗС занепакоенае вандалізмам у дачыненні да беларускамоўных дарожных знакаў у Польшчы
04.07.2017 / 20:43
3 ліпеня з’явілася інфармацыя, што ў Падляшскім ваяводстве Польшчы, а менавіта ў гміне Орля, дзе большасць жыхароў складаюць этнічныя беларусы, невядомыя зафарбавалі беларускамоўныя назвы на дарожных знаках.
Здарэнне пракаментаваў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык:
«Такі факт меў месца. Нас асабліва насцярожвае, што гэта не першы выпадак вандалізму ў дачыненні да беларускамоўных дарожных знакаў. Спадзяемся, што ў гэты раз, у адрозненне ад папярэдніх, вінаватыя будуць устаноўлены.
Зыходзім з таго, што падобныя праяўленні, якія закранаюць пачуцці нацыянальных меншасцей, заслугоўваюць рашучага асуджэння як уладамі, так і ўсімі здаровымі сіламі грамадства».