ТузінFM падаў у суд на мінскіх ідэолагаў

10.07.2017 / 10:53

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінгарвыканкама Павал Скалабан не дазволіў жывую прэзентацыю альбому Алеся Дзянісава «Кароткая гісторыя Беларусі». TuzinFM палічыў гэтае рашэньне незаконным і падаў заяву ў суд.

Так выйшла, што сын знакамітага архівіста і гісторыка Павал Скалабан забараніў праводзіць прэзэнтацыю музычнай праграмы, прысьвечанай гісторыі Беларусі. Альбом «Кароткая гісторыя Беларусі» на словы Алеся Чобата музыка Алесь Дзянісаў прэзэнтаваў на TuzinFM на пачатку лета, а 16 верасьня мелася адбыцца жывая прэзэнтацыя ў Менску. Адпаведная заява на атрыманьне гастрольнага пасьведчаньня была накіраваная ў Менгарвыканкам. Але пасьля таго, як галоўнае ўпраўленьне папрасіла прадаставіць тэксты песень, якія будуць выконвацца на канцэрце, у выдачы гастролькі было адмоўлена. Адметна, што ў адказе кіраўнік ідэалягічнага ўпраўленьня П. Скалабан упершыню спаслаўся на Кодэкс «Аб культуры» (раней канцэрты не дазваляліся са спасылкаю на ўказ кіраўніка дзяржавы №257, на пункт, у якім вялося пра прапаганду вайны, экстрымізму ды іншага).

Згодна з п.1.3 арт. 215 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб культуры», на які спасылаецца ідэоляг, падставай для адмовы ў правядзеньні канцэрту з’яўляецца «заключэньне мастацкага савета па культурна-відовішчных мерапрыемствах аб нізкім мастацкім узроўні выкананьня». Адпаведнага заключэньня выдадзена не было, а на просьбы хоць нешта патлумачыць з нагоды адмовы, галоўны ідэоляг не адрэагаваў. Таму было прынятае рашэньне абскардзіць дзеяньні дзяржаўнага органа ў судовым парадку. Адпаведную заяву арганізатар канцэрту і кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін падаў у Эканамічны суд горада Менску.

«Я не разумею, якім чынам адбыўся замер мастацкага ўзроўню выкананьня, хто гэта рабіў, якім чынам, па якіх крытэрах і навошта. У любым разе, вырашаць гэтае пытаньне мусяць самі слухачы, а не чыноўнікі ў кабінэтах. Перакананы ў тым, што дзеяньні ідэолягаў абсалютна незаконныя. Відавочна, што мы маем справу з цэнзураю. Прыкра, што нам перашкаджаюць падтрымаць Алеся Чобата — аўтара вершаў да гэтага альбому, які цалкам страціў зрок і жыве зусім адзін у сваёй хаце ў Скідзелі. Мы хацелі перадаць яму частку грошай, атрыманых з канцэрту», — распавядае Сяргей Будкін.

Арганізатара канцэрту падтрымлівае юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч: «Сам пункт кодэксу «Аб культуры», на які спасылаюцца ідэолягі, парушае заканадаўства. Бо ў Канстытуцыі гарантуецца свабода выказваньня свайго меркаваньня, у тым ліку і ў мастацкай форме. Абмежаваньні дапускаюцца толькі ў тых выпадках, калі гэта нясе небясьпеку — грамадзкаму парадку, маральнасьці, здароўю, правам іншых… А гэта ня той выпадак», — тлумачыць юрыст.

У заяве, скіраванай у Эканамічны суд, ёсьць дзьве просьбы: прызнаць дзеяньні ўпраўленьня ідэалягічнай працы незаконнымі і абавязаць гэтае ўпраўленьне выдаць гастрольнае пасьведчаньне на любую прымальную для арганізатараў дату.

Даход ад праекта «Кароткая гісторыя Беларусі» меў пайсці на падтрымку сляпога паэта Алеся Чобата.