Астраномы апублікавалі самыя якасныя ФОТЫ Вялікай чырвонай плямы Юпітэра

13.07.2017 / 19:09

Касмічная станцыя Juno (Jupiter Polar Orbiter) зрабіла самыя якасныя на сённяшні дзень здымкі Вялікай чырвонай плямы Юпітэра. Адрэдагаваныя фатаграфіі даступныя на сайце Паўднёва-заходняга даследчага інстытута (ЗША).

NASA

Здымкі зробленыя 10 ліпеня 2017 года падчас пралёту над Юпітэрам. Адлегласць паміж газавым гігантам і станцыяй вар'іравалася ад прыкладна дзесяці да чатырнаццаці тысяч кіламетраў.

Вялікая чырвоная пляма, самая вялікая атмасферная віхура ў Сонечнай сістэме, мае памеры каля 40 тысяч кіламетраў у даўжыню і 13 тысяч кіламетраў у шырыню, што больш за любыя лінейныя памеры Зямлі. Назіраннем з'явы навукоўцы займаюцца з 1830 года.

У задачы місіі Juno уваходзіць даследаванне аблокаў і палярных ззянняў Юпітэра. Пры дапамозе аднайменнай станцыі навукоўцы спадзяюцца даведацца больш аб паходжанні планеты, будове і фізічных уласцівасцях яе атмасферы і магнітасферы. Місія Juno павінна завяршыцца ў лютым 2018 года затапленнем станцыі ў атмасферы газавага гіганта.

nn.by