У Беларусь перавезлі прах фундатаркі беларускага адраджэння пачатку ХХ ст. Магдалены Радзівіл
16.07.2017 / 16:17
Прах княгіні Магдалены Радзівіл са Швейцарыі прывёз Аляксандр Сапега — намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі.
Беларуская супольнасць Швейцарыі перадала прах мінскай парафіі святых Сымона і Алены. Ва ўрачыстасці ўзяў удзел пробашч парафіі ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк.
Пакуль не вызначана месца, дзе будзе пахаваны прах Магдалены Радзівіл, ён будзе знаходзіцца ў Чырвоным касцёле, паведамляе радыё «Свабода».
Фота Крысьціны Шыянок.
Летась у ліпені князь Мацей Радзівіл у Мінску паведаміў, што праўнукі вядомай беларускай мецэнаткі, княгіні Магдалены Радзівіл пастанавілі перапахаваць яе прах у Мінску — у касцёле святых Сымона і Алены, побач з якім яна жыла.
Магдалена Радзівіл. Здымак забяспечаны Глебам Лабадзенкам.
Сям’я звярнулася з гэтай ідэяй да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, а таксама да пробашча Чырвонага касцёла ксяндза Уладзіслава Завальнюка, якія вельмі зычліва паставіліся да гэтай ідэі, тым больш, што ўжо раней у Чырвоным касцёле перапахавалі парэшткі фундатара касцёла Эдварда Вайніловіча і англійскага музыказнаўцы, даследчыка беларускай культуры Гая Пікарды.