Беларускія эксперты крытыкуюць ідэю воднага калідора Вісла-Мухавец-Прыпяць-Дняпро

дапоўнена

19.07.2017 / 17:14

Урады Беларусі, Польшчы і Украіны разглядаюць магчымасць укласці сродкі ў стварэнне воднага шляху Гданьск—Варшава—Брэст—Пінск—Кіеў—Херсон. Як мяркуецца, прафінансаваць праект могуць міжнародныя донары. Аднак аналітычная група Бiзнес-саюза прадпрымальнiкаў i наймальнiкаў iмя Куняўскага лічыць, што гэта сумнеўны праект, які не акупіцца. Эколагі ж лічаць, што ён разбурыць экасістэмы абапал Прыпяці.

Праектаваны шлях атрымаў назву Е40. Гэтая патэнцыйная траса будзе мець удоўжкі больш за 2000 кіламетраў. На тэрыторыі нашае краіны ў Е40 маюць увайсці Дняпроўска-Бугскі канал, рэкі Мухавец, Піна і Прыпяць.

Стваральнікі праекта называюць яго рэстаўрацыяй шляху «З варагаў у грэкі», які злучаў паміж сабой парты Балтыйскага і Чорнага мораў. Праўда, старажытны водны шлях праходзіў пераважна па Дзвіне і Дняпры.

Тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне (ТЭА) праекта падрыхтаваў Марскі інстытут у Гданьску.

Праект воднага шляху Е40, які можа злучыць Чорнае і Балтыйскае моры.

Грошы для праекта трэба вялікія. Львіная доля сродкаў (каля 12 млрд еўра) прызначаная для польскага кавалка калідора Вісла — Брэст. Рэч у тым, што Буг на сёння несуднаходны, на ім ёсць перакаты, зусім няма шлюзаў. Таму гаворка ідзе пра пабудову новага канала ад Віслы да Мухаўца. У той жа час для мадэрнізацыі беларускага кавалка, паводле папярэдніх ацэнак, можа спатрэбіцца ўсяго да 150 млн еўра.

На сёння роля воднага транспарту — маруднага і абмежаванага вялікімі рэкамі — у Беларусі мінімальная. Паводле звестак Белстата, у 2016 годзе грузаабарот водных шляхоў склаў толькі 0,017% ад тонакіламетражу грузаабароту ў цэлым.

У той жа час у Еўрасаюзе гэты паказчык складае 6,7% за кошт такіх прыморскіх краін, як Нідэрланды (38,9%), Бельгія (20,4%).

Аналітыкі бізнэс-саюза імя Куняўскага сумняюцца, што шлях Е40, з Балтыйскага мора ў Чорнае, акупіцца. Шлях рачной баржы ад Гданьска да Херсона без прыпынкаў у партах і на мытнях займае як мінімум 14 дзён. Давезці груз па чыгунцы ў той жа пункт можна за 66 гадзін, фураю — за 31 гадзіну.

Транспартаванне па рэках магчымае для абмежаванага тыпу грузаў — у асноўным насыпных і наліўных, «няспешных».

Для каго могуць быць цікавыя такія перавозкі ў Беларусі? Гэта «Беларуськалій», Мазырскі нафтаперапрацоўчы, мікашэвіцкі «Граніт». У перспектыве да іх далучацца «Слаўкалій», што будуе комплекс пад Любанню, а таксама Петрыкаўскі калійны камбінат, што таксама будуецца.

Не факт, што новы рачны шлях дастаўкі тых жа калійных угнаенняў у марскія порты для перагрузкі там на вялікія марскія сухагрузы будзе таннейшым за перавозку ў тыя порты па чыгунцы.

Што датычыць планаў руху караблёў тыпу «рака-мора», то і тут ёсць свае нюансы. «Прыхільнікі Е40 плануюць арганізаваць рух па гэтым шляху караблеў тыпу «рака-мора», што дазволіць не перагружаць тавары ў бліжэйшых марскіх партах, а дастаўляць іх адразу спажыўцам на аддаленыя рынкі, напрыклад, у краіны Паўднева-Усходняй Азіі. Аднак не факт, што новы спосаб дастаўкі тых жа калійных угнаенняў будзе таннейшым за перавозку буйнымі марскімі сухагрузамі з портаў Балтыкі, як гэта адбываецца цяпер», — расказвае прэс-сакратар Бізнес-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя праф. Куняўскага (БСПН) Алесь Герасіменка.

Аналітыкі адзначаюць і экалагічныя рызыкі праекта.

Буг дагэтуль застаецца ракой, якую мала кранула мадэрнізацыя. А абапал Прыпяці захоўваецца ўнікальная экасістэма. Хоць рэчышча і паглыблялі для воднага шляху з Брэста і Пінска ў Кіеў, ваколіцы Прыпяці, тым не менш, застаюцца, у цэлым, запаведнікам дзікай прыроды.

Між тым плануецца, што на Прыпяці з’явяцца 6 прапускных шлюзаў, рэчышча ракі выпрастаюць, а берагі закрыюць валамі і дамбамі. Гэта прывядзе да спынення вясновых паводак, якія ствараюць тыя абалоні Прыпяці, якія мы ведаем.

Між тым, як паведамляецца ў часопісе «Ахова птушак Бацькаўшчыны», маштабныя разлівы Прыпяці і прытокаў маюць ключавое значэнне для экасістэмы Палесся. Падчас паводак поймавыя лясы і сенажаці добра звільгатняюцца.

Абалоні Прыпяці насяляюць вялікі арлец, вяртлявая чаротаўка і драч, якія знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення. Тут жа знаходзіцца найбуйнейшая ў свеце колькасць баталёнаў — 120 тыс. птушак. Змена рэчышча Прыпяці паўплывае на рыбныя запасы ракі.

«У Прыпяці ёсць сістэма абароны ад людзей — моцныя паводкі», — тлумачыць арнітолаг Павал Пінчук, супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі.

Калі ж высокае паводкі няма, то адбудзецца хуткае разбурэнне традыцыйных экасістэм, мяркуе ён.

На ягоную думку, у такім выпадку рэгіён страціць турыстычны патэнцыял, бо на Палессе прыязджаюць паглядзець менавіта на дзікую прыроду.

Вось відэаролік з экалагічнай крытыкай праекта:

Аналітыкі бізнес-саюза імя Куняўскага рэкамендуюць лепш прыцягваць інвестыцыі ў паляпшэнне аўтадарог і электрыфікацыю чыгунак. 

У хуткім часе будзе створана петыцыя супраць будаўніцтва канала, якую арганізатары накіруюць у міністэрствы і ведамствы Беларусі і Польшчы.

Ілья Параскевіч, Сяргей Гезгала, фота Сяргея Гудзіліна