Захарчанка адмовіўся ад ідэі хуткага стварэння «Маларосіі»

Кіраўнік т. зв. «ДНР» Аляксандр Захарчанка заявіў, што канчатковага рашэння па стварэнні Маларосіі няма. Па яго словах, пакуль толькі пачалася дыскусія на гэтую тэму, піша РБК.

26.07.2017 / 21:01

ТАСС

У заяве Захарчанкі, якую прывяло «Данецкае агенцтва навін», сказана пра тое, што «канчатковыя рашэнні адносна магчымасці стварэння новага дзяржаўнага ўтварэння (Маларосіі) у складзе Данбаса і рэгіёнаў Украіны не прынятыя». «Галоўнае, дыскусія будзе працягнутая», — сказаў кіраўнік «ДНР».

Захарчанка заявіў, што на Данбасе не стваралі новай дзяржавы, а толькі прапанавалі дыскусію. Па яго словах, улады «ДНР» атрымалі велізарную колькасць водгукаў з усёй Украіны. Прычым водгукі гэтыя неадназначныя. Як адзначыў Захарчанка, «адрозніваюцца меркаванні адносна размяшчэння сталіцы, дзяржаўнай сімволікі, а таксама складу, фармату і месца правядзення легітымнага ўстаноўчага сходу з прадстаўнікамі абласцей Украіны».

Ідэя кіраўніка «ДНР» сапраўды выклікала супярэчлівыя водгукі. Так, у «ЛНР» адразу заявілі, што не маюць ніякага дачынення да Маларосіі, у Вярхоўнай радзе прапанавалі абмеркаваць новую дзяржаву з псіхіятрамі, а прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў назваў выступ Захарчанкі яго асабістай ініцыятывай.

«Карысным» «хайп з нагоды ўяўнай дзяржавы Маларосія» назваў памочнік прэзідэнта Расіі Уладзіслаў Суркоў. Ён патлумачыў словы Захарчанкі тым, што Данбас «ваюе не за аддзяленне ад Украіны, а за яе цэласнасць».

nn.by