Андрэй Хадановіч. Мы дзялілі часткі сушы

Мы дзялілі часткі сушы
Гэту частку — Джорджу Бушу
Гэту частку пакідаем
Трэцім рымлянам з Кітаем...

29.08.2008 / 12:04

Мы дзялілі часткі сушы
Гэту частку — Джорджу Бушу

Гэту частку пакідаем
Трэцім рымлянам з Кітаем

(Што ня так? Правы Тыбэту?
Ты б яшчэ згадаў кабету!)

Гэту частку — Эўразьвязу...
Пачакай — ня ўсё адразу —

Хопіць немцам, скандынавам...
Курдыстан? А на храна вам?

Гэтую табе, араб,
У Ізраіля пара б!

Што, наадварот — габрэям?
Памыляемся. Старэем.

Хто шкадуе Індастану?
Кама-сутрай іх дастану!

Для брытанцаў, для ірляндцаў
А паўночным? Тут бяз шанцаў.

Афрыканцам. Аўстралійцам.
І крыху — кавказскім ліцам.

Ружаў — ружжаў? — для грузінаў.
Украінцам — апэльсынаў.

— Ці ня мала Беларусі?
— Я і гэтым ганаруся!

Ёсьць для рэзэрвацый нешта
І пінгвінам — уся рэшта.

А для Атлянтыды — дно.
Ёй даўно — усё адно.

* * *

Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы і мініятуры. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.