Беларус са Швейцарыі Алесь Сапега расказаў дзівосную гісторыю свайго кахання і вернасці Радзіме

08.08.2017 / 10:46

Бабруйчанін Алесь Сапега вось ужо дзесяць гадоў, як жыве і працуе ў Швейцарыі. Але ў Беларусі бывае часта, ледзьве не штомесяц. Ды і жонка-швейцарка прыязджае сюды ўжо як на другую радзіму, нават і без мужа.

Хоць Сапегі і не жывуць стала ў Беларусі, спаўна кампенсуюць сваю непрысутнасць. Алесь прыклаў шмат намаганняў, каб прах слыннай беларускай мецэнаткі Магдалены Радзівіл перавезлі ў Беларусь, каб у Швейцарыі з’явіўся помнік Касцюшку. Сям’я Сапегаў зладзіла не адно сапраўднае свята з цукеркамі, марозівам ды каруселямі для дзяцей беларускіх дамоў-інтэрнатаў. За ўласныя сродкі замяніла старыя вокны ў Цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі.

Гэтыя ліпеньскія вакацыі ў Беларусі для Сапегаў адзначыліся важнай сямейнай датай — 15 гадоў з дня знаёмства Алеся і Мілены.

Алесь Сапега: Мы пазнаёміліся пад Ракавам, я тады працаваў інструктарам у скаўцкім летніку. Мілена паднялася на дрэва, дзе я сядзеў і сачыў, каб усе правільна чапляліся, і там мы з ёй і пазнаёміліся.

Мілена на дрэве, дзе пазнаёмілася з будучым мужам, праз 15 гадоў.

У дзень юбілею, 29 ліпеня, мы з’ездзілі туды і зрабілі здымкі на гэтым дрэве. Праўда, нас адразу не пускалі, бо там быў нейкі летнік. Я ўжо хацеў у міліцыю званіць, каб прыехалі разабраліся.

«Наша Ніва»: Слухайце, ну яна ж прыехала і паехала назад у Швейцарыю. Як вы падтрымлівалі адносіны?

АС: У 2002 годзе калі і былі мабільныя, то з антэнай і, можа, у кожнага сотага. Такіх рэчаў, як вайбер ці скайп, не існавала.

Трэба было пісаць лісты, раз на тыдзень размаўляць па тэлефоне, плаціць па 400 даляраў за званкі. Ляталі адзін да аднаго. Тады Швейцарыя і ў шэнгене не была, даводзілася па дзве візы рабіць. І самалёты тады былі не па 100 даляраў, трэба было плаціць па 400—500 даляраў у адзін бок.

Чатыры гады мы сустракаліся, а пасля ажаніліся і я пераехаў у Швейцарыю.

«НН»: Што ваша жонка думае пра Беларусь?

АС: У 2015-м мы пераехалі ўсёй сям’ёй на год у Беларусь. Мілена знайшла сабе балетную групу, стала там займацца, шмат з кім пазнаёмілася. Адначасова працавала ў моўнай школе.

Шмат што ёй падабаецца ў Беларусі і шмат што не падабаецца. Ёсць пэўныя рэчы, якія яна не можа ўспрымаць. Адна з балючых тэм — гэта, канечне, медыцына. Шпіталі, талончыкі, усё такое.

«НН»: Яна і не ўяўляла, што так можа быць?

АС: У 2015 годзе яна была цяжарная, ёй даводзілася хадзіць да нашых дактароў, здаваць аналізы. Канечне, гэта ўсё ёй надакучыла вельмі хутка: і талонная сістэма, і непунктуальнасць.

Калі яна хадзіла да гінеколага, мне часам даводзілася стаяць каля дзвярэй і нікога не пускаць. Бо ў кабінет ледзьве не кожныя дзве хвіліны хтосьці прыходзіць нешта забраць, нешта перадаць. Канечне, для маёй жонкі гэта непрымальна. Як і тое, што трэба з сабой прыносіць пальчаткі, ручнік.

Часам даводзілася сварыцца, але падчас трэцяга-чацвёртага прыёму нас ужо ведалі, кансультавалі кампетэнтна.

Для Мілены таксама былі дзіўныя грашовыя зборы ў садках, якія мы называем «хабарам». Калі просяць прынесці грошы на пыласос, фарбу ці яшчэ штосьці выхавацелю. Мы так і казалі: «Гэта хабар, плаціць яго мы вам не будзем».

Зразумела, гэтыя рэчы каштуюць капейкі, і мы не супраць плаціць за фарбу афіцыйна, калі гэта ўваходзіць у месячную аплату. А вось гэты парадак, калі ты на рукі даеш грошы і спадзяешся, што яны пойдуць на тое… Для нас гэта таксама было не нармальнай сітуацыяй.

Мілена з дзецьмі.

«НН»: Нараджала Мілена ў Беларусі?

АС: На той момант ёй было 35 гадоў, і нашы гінеколагі сказалі, што трэба рабіць кесарава. У Мілены ўжо былі два кесаравых, і яна з гэтым не згадзілася. Мы хацелі, каб былі натуральныя роды, таму за месяц яна паляцела ў Швейцарыю і там нарадзіла сама.

Але ёсць і пазітыўныя моманты ў Беларусі: сяброўства, людзі. Такога ў Швейцарыі не сустрэнеш.

«НН»: Няўжо?

АС: У Беларусі кантакт паміж людзьмі мае большую важнасць, чым у Швейцарыі, дзе развіты індывідуалізм і ў цэнтры стаіць «я». Беларусы надаюць больш увагі камусьці, чым самому сабе.

Там патэлефануеш каму са знаёмых, запытаешся, што чуваць, прапануеш сустрэцца. А ён табе кажа: «Ну давай, у мяне праз 20 дзён ёсць пара вольных гадзін». Тут нельга проста прыйсці, пагрукаць у дзверы. Альбо патэлефанаваць за пяць хвілін і сказаць: «Давай, стаў гарбату». Ці ў лядоўню залезці — тут такога няма.

«НН»: Што з мовамі?

АС: У Швейцарыі чатыры нацыянальныя мовы, але ніхто гэтага не заўважае, не кажа: «Ух ты, ён размаўляе па-французску!»

За сталом могуць размаўляць адразу на дзвюх-трох мовах. Я за вячэрай размаўляю з дзецьмі па-беларуску, жонка падтрымлівае дыскусію па-швейцарску — і ўсе ўсё разумеюць. Дзеці нават не думаюць пра тое, як сказаць.

Калі Мілена прыехала ў Беларусь, убачыла, што амаль ніхто не гаворыць па-беларуску. А калі я, яе муж, размаўляю па-беларуску, беларусы ставяцца да гэтага дзіўна. Для яе гэта незразумела.

«НН»: Дык колькі моў вы ведаеце?

АС: Калі мы пазнаёміліся з Міленай, у мяне быў школьны базіс англійскай мовы. За пяць гадоў, што мы сустракаліся, падцягнуў, і пасля вяселля ў сям’і размаўлялі па-англійску. Цягам першых двух гадоў у Швейцарыі паступова вучыў нямецкую і ў адзін дзень сказаў: «Усё, ад сёння пачынаю размаўляць па-нямецку». Жонка скептычна да гэтага паставілася, але пакрыху костка абрасла мясам. А праз год я ўжо пачаў размаўляць па-швейцарску.

Цяпер свабодна размаўляю па-швейцарску на цюрыхаўскім дыялекце, бо мы жывём непадалёк ад Цюрыха. Я магу пачуць, як чалавек гаворыць, і прыкладна вызначыць, адкуль ён. У Швейцарыі ў кожнага кантона свой дыялект. Некаторыя швейцарцы і самі не разумеюць.

Я калі пераехаў, на пачатку было складана, бо акрамя жонкі быў нікому не патрэбны. Зрабіў націск на мову, пачаў працаваць, каб як мага хутчэй яе вывучыць, каб была практыка. Паступова мова станавілася лепшай і лепшай, заробкі — вышэйшымі і вышэйшымі.

Жонка ведае нямецкую, французскую, італьянскую, англійскую, рускую мовы. Разумее беларускую і ўжо імкнецца пачаць на ёй размаўляць. Асабліва калі мы сустракаемся ў Мінску з сябрамі і гутарым па-беларуску. Учора гасцілі ў Глеба Лабадзенкі, перад гэтым — у Лявона Вольскага.

«НН»: Слухайце, класныя госці ў вас!

АС: Ганна Вольская была хроснай маці нашага малодшага, таму мы амаль што сваякі.

Дзеці Мілены і Алеся — Ніна, Марк, Ларс і Леон.

«НН»: А дзеці на якой мове размаўляюць?

АС: Ад мяне чуюць беларускую, размаўляюць па-руску, па-нямецку і па-швейцарску. Калі ездзяць да бабуль-дзядуль у Італію, хутка пераходзяць на італьянскую.

«НН»: Фантастыка!

АС: Я таму і кажу, што вялікі бар’ер паміж дзяржаўнымі мовамі ў Беларусі, і зусім ніякай дыстанцыі за мяжой. Можа, прыйдзе час, і для Беларусі будзе нармалёва, калі за адным сталом будуць размаўляць на дзвюх мовах і пераскокваць з адной на другую.

«НН»: Дзяцей у вас чацвёра, раскажыце пра іх.

АС: Самая дарослая — Ніна. Мая бабуля была Нінай, дачку мы назвалі ў гонар яе. Ніне цяпер восем гадоў, таксама займаецца балетам.

Ніна.

Пасля ідзе Марк, яму шэсць, хутка пойдзе ў школу.

Марк, Ларс і Ніна.

Пасля — Ларс, вельмі энергічны хлопец. Ён самы актыўны, самы спартовы, ужо ўсё ў жыцці паспрабаваў: яго біла токам, ён падаў у сне з другога яруса ложка, некалькі разоў губляў пазногці на нагах, ходзіць заўсёды ўвесь сіні ад сінякоў і з падранымі каленямі.

Ларс.

Леон — самы малодшы. Яму складаней чым каму, бо трэба паспяваць за братамі.

«НН»: Кім працавалі ў Швейцарыі? Як зараблялі на жыццё?

АС: Працаваў у галіне сацыяльнай педагогікі ў розных інстанцыях: дзіцячых інтэрнатах, інтэрнатах для моладзі, інтэрнатах, у якія накіроўваюць замест турмы на выпраўленне. Апошнія чатыры гады працую з уцекачамі ў аддзеле міграцыі.

«НН»: Пяць гадоў таму вы ўзяліся аб’яднаць беларусаў замежжа.

АС: Я моцна сумаваў па Беларусі і аднойчы патэлефанаваў у беларускую амбасаду ў Швейцарыі ды запытаўся, ці ёсць нейкая суполка беларусаў, да якой можна далучыцца. Консул сказаў, што няма, але ёсць людзі, зацікаўленыя ў яе стварэнні, прапанаваў сустрэцца. Мы вырашылі, што будзем ствараць, і ў 2012 годзе стварылі. Цяпер у нас 45 сяброў арганізацыі, усе яны штогод плацяць унёскі.

Імша ў Фрыбургу. Развітанне Магдалены Радзівіл з кляштарам, дзе яна правяла свае апошнія гады, і развітанне са Швейцарыяй. 

«НН»: Вы прывезлі ў Беларусь прах Магдалены Радзівіл, ставіце помнік Касцюшку ў Швейцарыі. Навошта вы робіце ўсё гэта? Якая ў вас матывацыя?

АС: Немагчыма не рабіць, справы вельмі важныя. Я б не хацеў, каб наша дыяспара спынялася на арганізацыі Гукання вясны ці Купалля. Гэта таксама важна, але мне хочацца, каб нашы мэты былі больш шырокімі і глабальнымі, чым патанчыць і паспяваць.

Сама ідэя паставіць помнік Касцюшку — не мая. У 2011 годзе спадар Кулажанка, тагачасны Часовы Павераны Беларусі ў Швейцарыі, спрабаваў гэта зрабіць, але не ўдалося, не паспеў. Перад ад’ездам ён сказаў, што меў такую задуму і прапанаваў паспрабаваць яе ажыццявіць. Ну і ў 2015 годзе я за гэта ўзяўся, стаў шукаць грошы.

Арганізаваў збор праз краўдфандынгавую платформу «Талака», аднак амаль ніхто нічога не ахвяраваў. З заяўленых 3000 даляраў удалося сабраць даляраў 50, ды і тыя ў выніку «згарэлі», бо кампанія не атрымалася. Тады я стаў рабіць усё самастойна.

Зрабіць помнік каштуе больш за 6 тысяч даляраў. Прыкладна 60 адсоткаў гэтай сумы — мае сродкі, яшчэ 40 адсоткаў — ахвяраванні і тое, што дала наша дыяспара.

Я ўзяў на сябе адказнасць сказаць мастаку, як мусіць выглядаць помнік. Звязаўся з Фондам Касцюшкі, каб яны адшукалі старажытныя малюнкі Касцюшкі, яго медалёў, копіі якіх я перадаў скульптару.

Помнік ужо адліты, ён цяпер знаходзіцца ва Украіне, засталося толькі прывезці ў Швейцарыю.

Я хацеў, каб помнік рабілі ў Беларусі, але ўсе, да каго я звяртаўся, прасілі больш за 25 тысяч еўра. Гэтая лічба, можа, і лагічная, але для мяне непад’ёмная.

«НН»: Раскажыце пра Швейцарыю. Як вам там жывецца?

АС: Ды ўсё тое самае, што і ў Беларусі. Толькі хлеб іншы, і смятаны няма.

«НН»: Як жа без смятаны?

АС: У мяне і меню іншае, без чаркі і скваркі. Ёсць віно, якое недалёка стаяла ад нашага «чарніла». Ну, гэта калі іранічна.

Канечне, якасць жыцця іншая. І перспектывы шырэйшыя. Трэба сказаць, у Швейцарыі ўсё зроблена для людзей. На год тут па 12—16 рэферэндумаў ладзяць, на якія швейцарцы ходзяць і галасуюць. І там нічога не падтасоўваюць. 

У мяне ёсць швейцарскі пашпарт, але я не хаджу галасаваць, бо лічу сябе не швейцарцам, а беларусам. Я мяркую, што не маю права галасаваць. Як швейцарцы прагаласуюць, так і будзе, я мушу асімілявацца. Тое ж тычыцца мовы, традыцый, нават гумару.

Беларускі гумар ён такі: хтосьці плача — мы смяёмся. У Еўропе гэтага не разумеюць, таму я прывык пасля жартаў дадаваць «жартую».

У Швейцарыі робіцца ўсё для таго, каб не было стагнацыі. Што тычыцца эканомікі, то я жыву тут 11 гадоў, і не заўважыў, каб падымаліся цэны. 

Наша сям’я ў месяц траціць ад шасці да васьмі тысяч даляраў, у залежнасці ад сезону. Ежа — каля тысячы даляраў, арэнда шасціпакаёвай кватэры — дзве тысячы даляраў. Астатняе — страхоўкі, тэлефоны, паліва, палёты ў Беларусь, падарункі, проста нейкія рэчы.

Жыццё ў Швейцарыі вельмі дарагое. Можна шмат зарабляць, але за многае трэба плаціць, таму таксама даводзіцца эканоміць.

Што яшчэ не тыпова для Швейцарыі? Што не трэба браць крэдыты, каб купіць тэлевізар, тэлефон і гэтак далей. Калі швейцарац не можа сабе гэтага дазволіць, ён не бярэ крэдытаў.

Калі працуе і муж, і жонка, то на ўсё хапае і яшчэ застаецца. Канечне, калі ты прыехаў у краіну і не ведаеш мову, натуральна, не можаш быць канкурэнтаздольным і, адпаведна, прэтэндаваць на добры заробак.

Дарэчы, мы калі прыязджаем у Беларусь і трацім у тыдзень тысячу ці дзве тысячы даляраў, нам і ў Беларусі добра жывецца.

«НН»: На што ў Беларусі можна траціць такія грошы?

АС: На сям’ю, на сяброў. Але ведаеце, апошнія чатыры гады Беларусь не такая і танная. Я б сказаў, што Беларусь ужо даражэйшая, чым Швейцарыя.

Калі мы ў Беларусі ідзём у краму, набываем тое, што і ў Швейцарыі, бо дзеці прывыклі есці ёгурты, садавіну, гародніну. Напрыклад, бяром брокалі. У Беларусі брокалі лічыцца экзатычнай гароднінай і каштуе даражэй, чым у Швейцарыі. Дорага ўсё, што імпартуецца, тыя ж памперсы. У Швейцарыі яны каштуюць альбо столькі ж, альбо на акцыі яшчэ танней, чым тут. Але ж заробкі там у дзесяць разоў вышэйшыя!

«НН»: Колькі ў сярэднім зарабляе швейцарац?

АС: Мінімальны заробак — 3600 даляраў. Менш працадаўца не мае права заплаціць, калі чалавек на поўнай стаўцы. У сярэднім людзі зарабляюць 4,5 — 5 тысяч даляраў. Малады настаўнік адразу пасля ўніверсітэту будзе зарабляць ад 6 тысяч даляраў.

Мая жонка таксама настаўніца, яна ў гэтай сістэме больш за 10 гадоў. Яе заробак будзе каля 8700 даляраў у месяц. Мінус падаткі, чыстымі атрымаецца 7000. Але нават калі яна адна будзе працаваць у сям’і, зможа яе ўтрымліваць. Ды і можна ж жыць не на восем тысяч, а на чатыры.

Адно, лячэнне зубоў у Швейцарыі страхоўка не пакрывае. Уявіце, што ў вас карыес, невялічкая дзірка, але вельмі баліць. У Беларусі гэта выправіць каштуе якіх 50 рублёў, а ў Швейцарыі — 2000 даляраў.

Мне неяк трэба было вырваць зуб, дык я заплаціў 500 даляраў. А бацька маёй жонкі гады чатыры таму ставіў зубны пратэз і заплаціў 6000 даляраў.

«НН»: На адпачынак часта ездзіце?

АС: Усёй сям’ёй выязджаем два разы на год. Яшчэ чатыры-пяць разоў на год — не ўсёй сям’ёй.

Але мы амаль што ўсе свае адпачынкі праводзім у Беларусі. Мы ніколі не былі ў Афрыцы, Аўстраліі, Кітаі ці Тайландзе, як гэта цяпер папулярна. Адпачываем і ў Швейцарыі, традыцыйна зімой жонка з дзецьмі ездзіць у горы катацца на лыжах.

Швейцарцы любяць працаваць, але сродкі ім дазваляюць і добра адпачываць.

«НН»: Ваша сям’я шмат грошай аддае на дапамогу беларускім дамам-інтэрнатам ды і не толькі ім. Распавядзіце пра тое, што ўжо зроблена.

АС: Мы з Міленай нядаўна дапамаглі Цэнтру карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі ў Бабруйску. Каля 7500 даляраў выдаткавалі на тое, каб замяніць 30 шыбаў. Старых засталося каля сарака, але замянілі хаця б там, дзе ідзе фізічная тэрапія, дзе дзеткам робяць масажы, дзе яны распранутыя. Зімой праз гэтыя старыя шыбы свішча. Іх спрабуюць газетамі заклеіць, а яно ўсё адно свішчуць. Праз гэта ў памяшканнях халодна, асабліва, калі на вуліцы не май месяц, а цяпло яшчэ не ўключылі або ўжо адключылі.

Падтрымлівалі дзяцей з розных дамоў-інтэрнатаў: вадзілі ў кіно, музеі, дзіцячыя паркі, каталі на паромах, замаўлялі для іх клоўна. Смакавалі з імі цукеркі, марозіва, бананы.

Вы як думаеце, калі чатырохгадоваму дзіцяці з інтэрната даеш банан, ён як яго есць: павольна ці хутка?

«НН»: Хутка.

АС: Не, павольна. І гэта не адзін чалавек, усе так.

Банан перажоўваюць вельмі старанна, а ў канцы корку абгрызаюць. Разумееце? Калі гэта бачыш, канечне, хочацца рабіць яшчэ больш. Заходзіш у гэтыя школы-інтэрнаты і бачыш: ну так, чыста, ну так, дзеці чыстыя. У іх ёсць абавязковыя цацкі, ёсць суп, каша, гарбата. Але такія падарункі, як той жа банан ці цукерка, — гэта для іх нешта касмічнае.

Мы ў Бабруйску сабралі каманду цырульнікаў, якая штомесяц ходзіць у дзіцячы дом-інтэрнат і робіць мадэльныя стрыжкі дзецям. Бясплатна, ужо як год.

«НН»: Некаторыя прадстаўнікі дэмакратычных сіл у Беларусі не разумеюць таго, што вы працуеце як з беларускай апазіцыяй, так і з дзяржаўнымі структурамі. Што вы думаеце на гэты конт?

АС: Я не намагаюся абраць нейкі бок, я працую на сябе і на Беларусь.

Напрыклад, я з’яўляюся ўдзельнікам Кансультатыўнай Рады пры Міністэрстве замежных спраў, куды не кожная дыяспара можа трапіць, бо ёсць пэўны цэнзар. Наша дыяспара падыходзіць, бо мы не падымаем палітычных пытанняў.

Гэта не значыць, што мы тут усе сляпыя і нічога не разумеем. Але мне важна, каб камусьці было добра ад таго, што я раблю. І каб гэтага дасягнуць, мне ўсё роўна, з кім працаваць, бо пераважна я займаюся сацыяльнымі, культурніцкімі праектамі.

Думаю, маю ўласную пазіцыю ўлада вельмі добра ведае. Я ўдзельнічаю і ў Чарнобыльскім шляху, у Дні Волі. Калі я прыязджаю ў Беларусь, езджу з бчб-сцяжкамі на аўтамабілі. Калі падчас пратэсту супраць дэкрэта «аб дармаедстве» арыштавалі маю сяброўку, я першым прыехаў у пастарунак, каб яе абараняць.

Таму ўлады ведаюць маю пазіцыю. Але я падзяляю, дзе мая ўласная пазіцыя, а дзе — справа.

Калі я раблю справу, мне ўсё роўна, з кім я працую — апазіцыяй ці ўладай. Шмат хто гэтую маю пазіцыю не падзяляе. Але я проста раблю тое, што павінен.

Настасся Роўда, фота з архіва героя