Бацькі Міхала Жызнеўскага атрымліваюць ад уладаў Украіны 230 рублёў штомесяц

10.08.2017 / 10:55

Кабінет міністраў Украіны прызначыў пажыццёвую стыпендыю бацькам беларуса Міхала Жызнеўскага — аднаго з першых забітых на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве падчас падзей Еўрамайдану ў студзені 2014 года.

Паводле выдання Цензор.НЕТ са спасылкай на Міністэрства сацыяльнай палітыкі, бацькі Героя Нябеснай сотні, грамадзяніна Беларусі Міхала Жызнеўскага цяпер будуць мець магчымасьць атрымліваць пажыцьцёвую стыпендыю праз банкаўскі рахунак, адкрыты ў адным з украінскіх банкаў.

Як паведаміла Свабодзе маці забітага Ніна Жызнеўская, дапамога складае 230 BYN у месяц і сям’я атрымлівае яе ўжо больш за год.

«Спачатку прызначылі стыпендыю, і толькі праз нейкі час далі зорку Героя Украіны. Гэтае званне сімвалічнае, ніякай матэрыяльнай дапамогі не нясе. Але, прынамсі, цяпер ніхто не чапае магілу сына — ведаюць, што там пахаваны Герой Украіны. Гэта вельмі важна», — сказала Ніна Жызьнеўская.

Міхал Жызнеўскі стаў першым замежным грамадзянінам, уганараваным званнем Герой Украіны. 13 чэрвеня ўкраінскі прэзідэнт Пятро Парашэнка ўручыў зорку Героя Украіны яго бацькам — Міхаілу і Ніне Жызнеўскім.