Пасля адкрыцця крамы «Зара» наведвальнасць сайта раёнкі «Зара над Друццю» вырасла ў дзесяць разоў 

Супрацоўнікі бялыніцкай газеты «Зара над Друццю» здзівіліся, убачыўшы, што замест традыцыйнай сотні наведвальнікаў на дзень іх сайт апошнія дні чытаюць больш за тысячу чалавек.

11.08.2017 / 14:55

Скрыншот з сайта zara.by.

У чым жа сакрэт? Не ў яркіх рэпартажах з уборкі рапсу і нават не дзякуючы нататцы пра абласны вытворчы семінар. Прычына такой нечаканай папулярнасці да банальнага простая: у Мінску адкрылася крама «Зара».

У сайта раёнкі аказалася вельмі ўдалае даменнае імя: zara.by. Шукаючы навіны пра краму іспанскага брэнда, людзі траплялі на навіны Бялынічаў. Вось што значыць абраць дамен з разлікам на будучыню. Самы час бегчы да рэкламадаўцаў з рэйтынгамі новага ўзроўню.

 Чытайце таксама: «Зара» і ўсе-ўсе-ўсе. У Беларусі запрацавалі шэсць новых крам адзення ЦЭНЫ і ФОТЫ

Кацярына Карпіцкая