У Расіі 19-гадовага ўкраінца асудзілі на 8 гадоў за «падрыхтоўку тэракту»
11.08.2017 / 18:33
Паўночна-Каўказскі акруговы вайсковы суд РФ вынес прысуд 19-гадоваму ўкраінцу Артуру Панову і 34-гадоваму расіяніну Максіму Смышляеву, абвінавачаным у падрыхтоўцы тэракту ў Растове-на-Доне.
Пра гэта паведамляе «Медіазона».
Панова прысудзілі да 8 гадоў калоніі, Смышляева, які абвінавачваўся ў дапамаганні тэрарызму, да 10 гадоў.
Панова абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракту ў растоўскім тэатры імя Горкага. Падчас ператрусу ў яго, як было абвешчана, была знойдзена самаробная бомба. Ён часткова прызнаў віну, але пазней заявіў, што зрабіў гэта пад ціскам.
Жыхар Растова-на-Доне Максім Смышляеў, паводле версіі следства, быў памагатым Панова.
Смышляеў віну не прызнаў; ён сцвярджаў, што адгаворваў Панова ад гвалтоўных дзеянняў.
Як сцвярджае расійскае следства, у канцы лістапада 2015 Паноў і мясцовы жыхар сустрэліся ў Растове-на-Доне, дзе растаўчанін даведаўся падрабязнасці пра запланаваны тэракт, магутнасць выбуховага прыстасаваньня і кампаненты, з якіх яно будзе выраблена, а таксама пра меркаванае месца здзяйснення тэракту.
У пачатку снежня 2015 украінец быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Растаўчаніна затрымалі ў красавіку 2016 года.