У Беларусь збіраецца прыехаць агітпрабег у гонар Пуціна і «Наваросіі» ФОТА
14.08.2017 / 14:37
Актывісты едуць з Магадана на Данбасс. Па дарозе хочуць зазірнуць і ў Беларусь.
Аўтапрабег так званага «Національно-освободітельного двіженія» праходзіць з 12 чэрвеня. Маршрут пралягае па ўсёй Расіі.
Прапагандысцкай накіраванасці аўтапрабегу арганізатары не хаваюць, адкрыта называючы акцыю «агітпрабегам».
Яго мэта — асветніцкая работы сярод насельніцтва краіны аб выніках дзейнасці Уладзіміра Пуціна і «курса на аднаўленне духоўнага суверэнітэта». Іншы складнік — збор і дастаўка дапамогі жыхарам Данбаса.
«Маршрут пракладзены больш чым праз 50 гарадоў Расіі, а таксама разглядаецца магчымасць праходжання некаторых гарадоў Казахстана і Беларусі», — паведамляюць арганізатары.
Па словах арганізатараў, пакуль дакладна невядома, ці прыедуць яны ў Беларусь: гэта «залежыць ад таго, ці пусцяць у краіну». Таксама, арганізатары плануюць «урэгуляваць пытанні з Мінскай епархіяй». Што гэта за пытанні — невядома.
У Мінскай епархіі паведамілі, што пакуль не маюць інфармацыі пра нейкі запыт ад «НОД», але супрацоўніцтва з аўтапрабегам малаверагоднае.
***
Так званы «НОД» — палітызаваная арганізацыя з Расіі, але прадстаўнікі яе ёсць і ў Беларусі. Нодаўцы настальгуюць па СССР, лічаць галоўным ворагам Захад і Амерыку, вельмі любяць праваслаўе і дзеючую ўладу. Іх погляды даходзяць да абсурду: на думку НОД, на Захадзе дзяцей вучаць быць геямі, Віктару Цою пісалі тэксты песен ў ЦРУ і гэтак далей.