КНДР выпусціла ракету, якая праляцела над Японіяй. Жыхарам рэкамендавалі схавацца ў падвалах
29.08.2017 / 07:08
Паўночная Карэя запусціла чарговую ракету, якая гэтым разам праляцела над паўночным японскім востравам Хакайда, а затым упала ў моры, паведамляе ўрад Японіі.
Японская прэса паведамляе, што перад падзеннем ракета развалілася на тры часткі.
Мясцовых жыхароў улады Японі ў сувязі з гэтым папрасілі схавацца «ў падвалах»
У апошні раз паўночнакарэйская ракета праляцела над тэрыторыяй Японіі ў 2009 годзе. Тады Японія, ЗША і Паўднёвая Карэя палічылі гэта выпрабаваннем балістычнай ракеты, аднак Пхеньян сцвярджаў, што гаворка ішла аб ракеце, што дастаўляла ў космас спадарожнік.
Узброеныя сілы Паўднёвай Карэі паведамляюць, што на гэты раз запуск адбыўся незадоўга да шостай раніцы па мясцовым часе з раёна Сунан, каля Пхеньяна. Ракета праляцела 2700 кіламетраў.
Ракета ўпала ў мора за 1180 кіламетраў на ўсход ад мыса Эрыма на Хакайда.
Здарэнне, як адзначылі ў Аб'яднаным камітэце начальнікаў штабоў, «аналізуецца ўладамі ЗША і Паўднёвай Карэі». На здарэнне ўжо адрэагаваў прэм'ер-міністр Японіі Сіндза Абэ. Ён паабяцаў распачаць «усё неабходнае» для таго, каб абараніць грамадзян Японіі. Пры гэтым галоўны сакратар Кабміна Ёсіхідэ Суга, у сваю чаргу, адазваўся пра інцыдэнт як пра «беспрэцэдэнтную, сур'ёзную пагрозу». Японія, паводле яго слоў, распачне ў адказ «адпаведныя крокі». Пазней прадстаўнікі Японіі выказалі КНДР пратэст, запатрабаваўшы ў сувязі са здарэннем склікання пасяджэння Рады бяспекі ААН.