Курс еўра да даляра падняўся да максімуму з пачатку 2015 года
29.08.2017 / 11:46
Bloomberg
На фоне чарговага пуску вайскоўцамі КНДР балістычнай ракеты, што праляцела над Японіяй і ўпала ў Ціхім акіяне, курс даляра да еўра зноў пайшоў уніз. У ходзе біржавых таргоў у аўторак курс еўра да даляра падняўся (у параўнанні з закрыццём папярэдняга дня) прыкладна на 0,75% і ўпершыню з пачатку студзеня 2015 года перавысіў адзнаку $1,2 за еўра. На піку кошт адзінай еўрапейскай валюты дасягнуў адзнакі $1,2069.
Аналітыкі звязваюць зніжэнне курсу амерыканскай валюты са слабасцю ЗША, улады якіх не здолелі дамагчыся ад Кім Чэн Ына спынення ракетных выпрабаванняў.
Эксперты адзначаюць таксама, што рост курсу еўра адбываецца на фоне барацьбы ЗША з трапічным штормам «Харві», страты ад якога могуць скласці некалькі дзясяткаў мільярдаў даляраў, і напярэдадні пасяджэння кіраўніцтва ЕЦБ, на якім можа быць прынята рашэнне аб узмацненні жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі.