Суд пакінуў рэжысёра Сярэбранікава пад хатнім арыштам
04.09.2017 / 14:16
Маскоўскі гарадскі суд не стаў мяняць меру стрымання рэжысёру, мастацкаму кіраўніку тэатра «Гогаль-цэнтр» Кірылу Сярэбранікаву, якога раней адправілі пад хатні арышт па справе аб махлярстве.
Сярэбранікаў абвінавачваецца ў раскраданні 68 мільёнаў расійскіх рублёў (1,1 млн даляраў) з дзяржсубсідыі на падтрымку сучаснага мастацтва, якую атрымала яго прадзюсарская кампанія «Сёмая студыя». Па справе праходзяць таксама чацвёра падначаленых рэжысёра з «Сёмай студыі» і «Гогаль-цэнтра».
У пачатку паседжання адвакат Сярэбранікава Дзмітрый Харытонаў папрасіў суд далучыць да справы дадатковыя асабістыя паручальніцтвы за рэжысёра ад знакамітых дзеячаў культуры. Раней за абвінавачанага паручыліся 33 чалавекі; на гэты раз Харытонаў зачытаў пералік з 41 імені. Сярод іх былі рэжысёры Аляксандр Сакураў і Валерый Тадароўскі, акцёры Дзмітрый Харацьян, Ала Дзямідава, Іна Чурыкава, Яўгенія Сіманава, Аляксандр Балуеў; балерына Дзіяна Вішнева, трэнер Таццяна Тарасава, музыканты Уладзімір Співакоў і Паліна Асяцінская, дырэктар музея імені Пушкіна Марына Лашак.