Ці Лукашэнка здасьць «Белтрансгаз»?

«Газпром» не падпісаў кантрактаў зь Беларусьсю. Ён чакае саступкі «Белтрансгазу».

«Газпром» не падпісаў кантрактаў зь Беларусьсю. Ён чакае саступкі «Белтрансгазу».

23.12.2005 / 10:47

Хутка новы год, цана ўзгодненая — 48,68 даляра за тысячу кубоў — а кантракт на пастаўкі газу так і не падпісаны. «Прэм’ер Сідорскі вярнуўся з Масквы толькі з завярэньнямі ў сяброўстве», піша «Камсамолка». Гэта не перашкодзіла яму заявіць, што «практычныя разыходжаньні па дадзеным пытаньні не ўстаноўленыя», а «Газпрому» й «Белтрансгазу» дадзеныя даручэньні па афармленьні неабходных дакумэнтаў». Ці азначае гэта, што нацыя расплаціцца газаправодамі за падтрымку Масквой самі ведаеце каго? Расейскі прэм’ер быў бы рады такому гешэфту. Як перадало інфармагенцтва Newsinfo, Міхаіл Фрадкоў падчас перамоваў заўважыў, што супраца не абмяжоўваецца пастаўкамі газу, яшчэ засталіся пытаньні, якія трэба фарсаваць — узаемадзеяньне «Газпрому» зь «Белтрансгазам».

Дарэчы, урады Ўкраіны й Грузіі адмовіліся аддаць свае газаправодныя сыстэмы ў сумесныя з «Газпромам» прадпрыемствы. Яны разглядаюць транзытныя магутнасьці як стратэгічную інфраструктуру.

Фота photo.bymedia.net

Барыс Тумар, Яўген Васілеўскі