«Прысутныя тут мужчыны возьмуць удзел у вайне за Святую Русь». «Падпалкоўнік ГРУ» выступіў у мінскім праваслаўным манастыры
10.09.2017 / 23:42
«Хутка нашу Радзіму, якая называецца Святая Русь — без падзелу на Белую, Малую і Вялікую, — чакае сур’ёзнае выпрабаванне вайной. Нашым мужчынам, прысутным тут, гэтая інфармацыя асабліва спатрэбіцца. Бо я ўпэўнены, што яны возьмуць у ёй удзел», — прадказвае мужчына ў расійскай вайсковай форме ў актавай зале нядзельнай школы Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра. Як пазначана на афішы, тут адбываецца сустрэча з «воінам Хрыстовым Антоніем».
Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр.
Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр — вялізная праваслаўная карпарацыя на ўскрайку Мінска. З гадамі манастыр разросся да васьмі храмаў, шматлікіх майстэрань, гасцініцы, кінастудыі.
«Падпалкоўнік расійскага ГРУ Антон Маньшын», — так прэзентуе сябе выступоўца — пачынае расповед з пераліку свайго вайсковага досведу. Кажа, што прайшоў дзве вайны ў Чачні, удзельнічаў у падзеях на Данбасе, засвяціўся і ў Сірыі.
Антон Маньшын.
Прамова спецназаўца ўяўляе сабой набор нерэалістычных вайсковых баек, пераплеценых з прапагандай «рускага свету». Але прысутным Маньшын, відавочна, падабаецца. Яны час ад часу хапаюцца за галаву, слухаючы гісторыі ягоных пахаджэнняў. Хоць мерапрыемства і шырока не рэкламавалася, у залі сабралася пад сотню чалавек, у тым ліку манахіні, а таксама бацькі з дзецьмі.
«Воін Хрыстовы» абяцае расказаць пра «цуды Божыя на вайне». У Маньшына ёсць некалькі фірмовых гісторый, якія ён цягае з сабой з сустрэчы на сустрэчу. Цікава, што ў інтэрнэце ёсць асобны форум ягоных нядобразычліўцаў, якія выкрываюць хлусню падпалкоўніка. Частка сюжэтаў пазычаныя ім з успамінаў «афганцаў». Вось толькі падзеі перанесеныя ў Чачню, і іх удзельнікам становіцца сам Маньшын.
Першая з гісторый — драма механіка баявой машыны пяхоты. У яго ў кішэні на сэрцы заўсёды ляжаў крыжык. І вось калі снайпер «духаў» (так Маньшын называе чачэнцаў) трапна стрэліў у яго, медны крыжык спыніў кулю. Маньшын не хавае, што, мяркуючы па тэхнічных характарыстыках, куля мусіць прашыць цела механіка наскрозь, нават нягледзячы на крыжык. Але на тое, маўляў, і «цуд Божы».
Наступная гісторыя пра расійскіх вайскоўцаў, якія трымалі блок-пост у цэнтры Грознага. «За два з паловай месяцы аперацыі ў Грозным мае хлопцы спалі ўсяго 78 гадзін, у сярэднім менш за гадзіну на суткі», — так выступоўца стварае легенду пра расійскіх суперменаў.
Два дні яны нічога не елі, але аднекуль адшукалі хлеб і ўжо рыхтаваліся да вячэры. Раптам да іх падышоў 12-гадовы чачэнскі хлопчык і працягнуў руку, маўляў, я таксама галодны. Расійскі вайсковец, вядома, не мог адмовіць дзіцяці і адламаў яму акрайчык хлеба. Ажно тут малады чачэнец дастаў гранату і закінуў яе ў люк баявой машыны пяхоты. Зброя імгненна здэтанавала, і машына выбухнула. Вайскоўцы загінулі на месцы. Хлопчык кінуўся ўцякаць, але расійскі снайпер не стаў страляць яму ўслед — гэта ж дзіця. «Гэта якасці, якія ёсць у кожным з нас: міласэрнасць і любоў да ворага», — падсумоўвае Маньшын.
Культавая гісторыя ад яго — пра пяцігадовае знаходжанне ў чачэнскім палоне расійскага спецназаўца Аляксандра Варанцова. Два гады яго не кармілі зусім, але моцны дух дапамог яму выжыць. Кожны Вялікдзень арабы-найміты выводзілі яго на расстрэл, аднак кулі не бралі Аляксандра Варанцова. Чаму так адбывалася? Таму што ў яго на шыі вісеў праваслаўны крыжык. Чаму ж яго не знялі? Бо не змаглі. Кожны, хто спрабаваў сарваць яго, нібыта ўпіраўся ў сцяну. І так некалькі гадоў запар. Натуральна, ніводнага пацверджання гэтай гісторыі няма, але яна актыўна гуляе ў інтэрнэце са спасылкай менавіта на Маньшына.
Спецыяльна для наведнікаў Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра «воін Хрыстовы Антоній» расказаў працяг сюжэта, але папрасіў нікому не перадаваць сакрэтную інфармацыю. Аляксандр Варанцоў падчас знаходжання ў палоне стаў сведкам расстрэлу 15 расійскіх спецназаўцаў, якія прыехалі праводзіць спецаперацыю па спыненні наркатрафіку, але трапілі ў палон. Прычым іх здалі чачэнцам свае ж, работнікі ФСБ. Цяпер спецслужбісты ўсёй краіны шукаюць Варанцова, але з дапамогай Маньшына яму ўдалося зрабіць пашпарт на новае імя і разам з жонкай-чачэнкай сысці ў манастыр.
Гэтае трызненне выклікала шчырае захапленне манахінь, некаторыя з іх не стрымлівалі слёзы. Да прысутных Маньшын звяртаўся не іначай, як «мае анёльчыкі». Зрэшты, колькасць памяншальна-ласкальных суфіксаў у яго гаворцы зашкальвае. «Лізаветушка нашая Фёдараўна», — кажа ён пра святую, у гонар якой названы манастыр.
Пра подзвіг героя Расіі Артура Аруцюняна, які ахвяраваў сваім жыццём для выратавання саслужыўца, расказваць падрабязна не будзем, бо такога «героя Расіі» не існуе. Пад такім іменем фігуруюць толькі два чалавекі — кінаакцёр і брамнік армянскай футбольнай зборнай.
Пра расійска-ўкраінскую вайну Маньшын у падрабязнасцях не згадваў, затое падзяліўся гісторыяй свайго з’яўлення ў Мінску.
Нібыта, падчас сёлетняй вайны ў Сірыі група расійскіх спецназаўцаў на чале з Маньшыным трапіла ў акружэнне ігілаўцаў. Справа пахла керасінам. Тады расейцы пайшлі ў псіхалагічную атаку. Сталі крычаць «Хрыстос уваскрос — сапраўды ўваскрос». Як раптам з неба спусцілася ўяўная жанчына ў белым адзенні, якая стварыла калідор, па якім спецназаўцы змаглі выйсці з цясніны. Ігілаўцы працягвалі страляць па расейцах, аднак кулі, натуральна, не маглі прабіць уяўны калідор. Калі жанчына на секунду азірнулася, Маньшын пазнаў абрыс твару Лізаветы Фёдараўны — жонкі вялікага князя Сяргея Аляксандравіча, — якая была забітая бальшавікамі і лічыцца святой.
Лізавета Фёдараўна і запрасіла Маньшына да сябе, у Мінск. Манахіні на гэтым моманце зноў расплакаліся.
«Сусветнага тэрарызму не існуе. Не верце ў гэты міф, які распаўсюджваюць СМІ! — чаргуе палітінфармацыю, байкі і малітвы Маньшын. — Тэрарызм прыдумалі амерыканцы і брытанцы, каб хутчэй распачаць Трэцюю сусветную вайну, каб знішчыць Расію». Прысутныя ўхвальна заківалі.