Двое выкладчыкаў з Пінска бралі хабар прадуктамі
13.09.2017 / 14:23
Двое выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі асуджаныя за хабар, паведаміла карэспандэнту БелТА старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Кацярына Пакала. Выяўлена, што мужчыны 57 і 63 гадоў неаднаразова прымалі прадукты ад студэнтаў-завочнікаў Пінскага філіяла сельгасакадэміі за здачу экзаменаў і залікаў.
Даказаны чатыры такія эпізоды на агульную суму больш за Br268. Суд Пінска і Пінскага раёна прызнаў выкладчыкаў вінаватымі па ч.2 арт.430 (атрыманне хабару групай асоб паўторна) Крымінальнага кодэкса. Адзін з фігурантаў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады, другі — да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання на два гады. Таксама яны пазбаўленыя права займацца педагагічнай дзейнасцю.
У ходзе судовага працэсу абвінавачаныя добраахвотна пакрылі суму. Акрамя таго, па рашэнні суда ў абодвух канфіскавана маёмасць. Адзін з абвінавачаных абскардзіў прысуд, не прызнаўшы сябе вінаватым. Аднак 12 верасня судовая калегія па крымінальных справах суда Брэсцкай вобласці пакінула скаргу без задавальнення, канкрэтызаваўшы пры гэтым дадатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права займацца педагагічнай дзейнасцю, «звязанай з прыёмам экзаменаў і залікаў». Прысуд уступіў у законную сілу.