СК Расіі сцвярджае, што экс-прэм'ер Украіны Яцанюк ваяваў яшчэ і ў Прыднястроўі
13.09.2017 / 21:42
AFP
У Расіі абвінавачваюць экс-прэм'ера Арсенія Яцанюка не толькі ва ўдзеле ў баявых дзеяннях у Чачні, але і ў Прыднястроўі.
Пра гэта сведчаць вынікі расійскай экспертызы, датаванай 2015 годам, з матэрыялаў справы, якія апублікавала ў сераду прэс-сакратар Яцанюка Вольга Лапо.
Расійскія следчыя нібыта знайшлі фатаграфію членаў УНА-УНСА 1992 г. у Прыднястроўі.
Як патлумачыла Лапо ў каментары «Украінскай праўдзе», гэта матэрыялы следства, на падставе якіх «суд» у Расіі прымаў рашэнне аб завочным арышце Яцанюка.
«Як вы разумееце, пра суд і яго рашэнне ўсё даведаліся ўжо постфактум. Матэрыялы атрымалі нядаўна. Яшчэ вывучаюць», — адзначыла прэс-сакратар.
Як вядома, у 2015 годзе кіраўнік СК РФ Бастрыкін заявіў, што Арсень Яцанюк ваяваў супраць расійскай арміі ў Чачні ў 1994—1995 гг.
Згодна з біяграфііяй Яцанюка, у 1991-1996 гадах ён вучыўся ў Чарнавіцкім нацыянальным універсітэце на юрыдычным факультэце і паралельна у 1992—1997 гадах быў прэзідэнтам юрыдычнай фірмы «Юрэк-ЛТД» у Чарнаўцах.