Ядвіга Паплаўская на выставе ў Мінску падарыла гісторыку моды Васільеву сваю сукенку і касцюм Ціхановіча

14.09.2017 / 21:04

Фота БЕЛТА.

Гісторык моды Аляксандр Васільеў прадставіў у Мінску выставу адзення «Моднае стагоддзе». Экспазіцыя строяў канца XIX — XX стст. адкрылася сёння ў Нацыянальным гістарычным музеі.

На думку Аляксандра Васільева, асабліва цікавыя экспанаты: строй Маі Плісецкай ад Како Шанэль, манто Лілі Брык і сукенка Евы Браун.

На адкрыцці выставы, як перадае БелТА, калекцыя Аляксандра Васільева папоўнілася двума новымі экспанатамі: народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская прэзентавала яму сваю сукенку 1990-х гадоў і касцюм народнага артыста Беларусі Аляксандра Ціхановіча 2010 года.

На выставе «Моднае стагоддзе» прадстаўленыя 106 касцюмаў і больш за 380 аксесуараў, ювелірныя вырабы і біжутэрыя. Наведвальнікі змогуць убачыць аддзенне ад Поля Пуарэ, Марыяна Фартуні, Іва Сен-Ларана і іншых майстроў.

Шмат якім уборам больш за 100 гадоў. Пазнаёміцца з нарадамі з калекцыі Аляксандра Васільева наведвальнікі змогуць да 10 студзеня 2018 года.