Ураган, што пакінуў некалькі ахвяраў у Румыніі, рухаецца ў бок Украіны

18.09.2017 / 07:00

У Румыніі восем чалавек загінулі і каля 70 дастаўлены ў бальніцы ў выніку ўраганнага ветру, які дасягаў месцамі 100 кіламетраў у гадзіну.

Большая частка ахвяр і пацярпелых - жыхары горада Тымішаара і яго ваколіц. Тымішаара - трэці па велічыні горад Румыніі, размешчаны на захадзе краіны.

Парывы ветру валілі дрэвы і зрывалі дахі дамоў. Пашкоджаныя многія лініі электраперадачы і каналы водазабеспячэння.

«Нас ніхто не папярэджваў, што нас чакае такое. Прагноз надвор'я абяцаў толькі дождж», - сказаў мэр Тымішаары Мікалае Робу ў інтэрв'ю румынскаму тэлеканалу Digi 24.

Экстранныя службы краіны просяць жыхароў не выходзіць на вуліцу. Згодна з сіноптыкамі, у дадзены момант ураган рухаецца ў бок Украіны.