У Мазырскім раёне з-за ветру здзейсніў экстранную пасадку лёгкі самалёт

18.09.2017 / 10:28

Выратавальнікам Мазырскага раёна 17 верасня ў 09.46 паступіла паведамленне аб тым, што ў лесе ля пасёлка Сасновы, як мяркуецца, упаў самалёт. Калі да месца выкліку прыбылі падраздзяленні МНС, высветлілася, што самалёт Х-32 «Бекас» падчас палёту над Бакоўскім лясніцтвам здзейсніў вымушаную пасадку з-за рэзкай змены кірунку ветру.

«Са слоў 49-гадовага пілота, пры палёце на вышыні 15 м ад крон дрэў ён прыняў рашэнне пра аварыйную пасадку з-за ўмоў надвор'я. На борце, акрамя яго, знаходзіўся пасажыр. Абодва не пацярпелі, у медыцынскай дапамозе не мелі патрэбу, — распавялі ў МНС. — Звышлёгкі самалёт быў заняты паветранымі працамі па апырскванні лясоў».

У выніку вымушанай пасадкі самалёт атрымаў нязначныя пашкоджанні фюзеляжа і крылаў.