Нарвежскія комікі чатыры дні плылі 15 кіламетраў да ўкраінскай мяжы. І не даплылі

18.09.2017 / 11:05

Гомельскія ратаўнікі дзесяць гадзінаў рамантавалі яхту нарвежцаў у кіламетры ад украінскай мяжы.

Ранкам у чацвер нарвежскія комікі, якія здымаюць шоу у Беларусі, паведамілі, што яны ў 15 кіламетрах ад украінскай мяжы. 14 кіламетраў нарвежцы плылі амаль 4 дні. За кіламетр ад мяжы ў яхты зламалася рулявое кіраванне.

А 13.11 у нядзелю грамадзяне Нарвегіі паведамілі ратаўнікам, што яны побач з вёскай Вялле Брагінскага раёна. Рамонт абсталявання і яго ўстаноўка занялі ў вадалазаў амаль 10 гадзінаў. А 22.45 працы былі скончаныя.

Ойстэн Бака, Торы Мэнт'ярві і Рунэ Гокстад ад 5 верасня плывуць па беларускім адрэзку Дняпра і накіроўваюцца ў Стамбул. Яны папулярныя комікі нарвежскай тэлерадыёкампаніі NRK. Іх шоу збіраюць мільённую аўдыторыю.

Як паведамлялася раней, у Дубровенскім раёне яны селі на мель, а пад Рэчыцай зламаўся рухавік.