Расійская дэлегацыя ў ААН не пажадала слухаць пра пагрозу вучэнняў «Захад-2017» і пакінула залу

20.09.2017 / 06:12

Расійская дэлегацыя пакінула залу Генеральнай асамблеі ААН перад выступам прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайце, якая адзначыла, што ў ходзе расійска-беларускіх вучэнняў «Захад-2017» адпрацоўваюцца сцэнары нападу на суседнія краіны.

Да таго, як літоўскі лідар паднялася на трыбуну, з залы выйшлі першы намеснік пастаяннага прадстаўніка РФ пры ААН Пётр Іллічоў і старшыня камітэта Дзярждумы па міжнародных справах Леанід Слуцкі.

Як інфармуюць у прэс-службе прэзідэнта Літвы, напярэдадні Даля Грыбаўскайце паведаміла Генеральнаму сакратару ААН Антоніу Гутэрышу аб пагрозах сусветнай супольнасці, выкліканых «вучэннямі агрэсіўнага характару» «Захад-2017», якія праходзяць у Беларусі і Расіі.