Былы палітвязень Андрэй Бандарэнка: Успаміны блогера Лапшына — паклёп на Валадарку
З абвяржэннем многіх рэчаў пра ўтрыманне ў беларускай турме, апісаных блогерам Лапшыным, выступіў у сваім фэйсбуку былы палітвязень Андрэй Бандарэнка.
20.09.2017 / 10:11
Гэта, напэўна, першы выпадак, калі «Платформа» заступаецца за айчынную пенітэнцыярную сістэму, абвяргаючы адкрыты паклёп вядомага блогера.
Мне складана сказаць, з якой прычыны Аляксандру Лапшыну спатрэбіліся гэта хлусня, але калі ўжо я не вытрымаў, то можна ўявіць, чаго ён там панапісваў.
Тое, што бытавыя ўмовы СІЗА-1 застаюцца нездавальняючымі, — ужо даўно не сакрэт. І гэта, па сутнасці, адзінае, што аўтар адлюстраваў больш-менш рэалістычна, калі адкінуць усё «фашыстоўскія» праявы (чаго я ні разу не чуў у СІЗА-1). У астатнім — поўная бязглуздзіца.
1. Як высветлілася, амаль усе сукамернікі сядзяць ужо даўно ў чаканні суда, некаторыя па 2 гады (!), і да іх яшчэ нават не прыходзіў следчы.
— Нават складана гэта неяк пракаментаваць, паколькі следчыя з'яўляюцца з зайздроснай рэгулярнасцю, а да тэрміну ўтрымання пад вартай СІЗА не мае ніякага дачынення.
2. Пра сняданак. Выглядае гэта так: расчыняецца акенца і раздаецца крык «Каааааша».
— Харчаванне раздаюць па часе і ніхто не крычыць. У гэтым няма сэнсу, меню на кожны дзень зняволеныя ведаюць.
3. У нас камера элітная, можна талерку памыць у ракавіне, але ў іншых камерах ракавіны папросту няма.
— Ва ўсіх камерах ёсць ракавіны і туалет.
4. У турме дафіга хворых на туберкулёз, прычым па прычыне перапоўненасці камер многія з іх сядзяць разам са здаровымі.
— Хворых на сухоты вельмі мала і сядзіць яны асобна.
5. Калі вам не прыносяць перадачы родныя — вы хутка пачняце хварэць і ў выніку загінеце. На шчасце, беларускія сядзельцы шкадуюць замежнікаў і дзеляцца з імі сваімі хатнімі перадачамі.
— Харчаванне ў СІЗА-1 цалкам ядомае, але і яго бяруць толькі для гарніру да 30 кг перадач, якія дазволены на месяц.
6. Спатканне з сям'ёй раз на месяц на паўгадзіны праз шкло, прычым начальства часцей за ўсё ніякіх спатканняў не дазваляе без тлумачэнняў прычын.
— Спатканні абвінавачаным не дазволілі наогул, толькі з дазволу следчага.
7. Яшчэ не дазваляецца чытаць кнігі! Гэта не жарт.
— Кожны тыдзень кнігі раздаюцца мясцовай бібліятэкай, а ў лістах і перадачах іх можна перадаваць колькі заўгодна. З пэўнымі, ясная справа, абмежаваннямі.
8. Па сакрэце сукамернікі дзяліліся, што калі з волі праз «аднаго чалавечка» перадаць грошы, то і спатканне з сям'ёй дазволяць часцейшыя і камеры могуць даць лепшыя. Яшчэ за хабар можна дамовіцца, каб вам у камеру паставілі тэлевізар, гэта вам абыдзецца прыкладна ў 500 еўра хабару. Перавод у лепшую камеру каштуе 1000—1500 еўра на месяц. Легчы ў шпіталь — яшчэ каля 2000 еўра на месяц.
— Тэлевізар у камеру адміністрацыя па заяве дасць бясплатна або можна замовіць яго з волі праз сваякоў і забраць назад пасля выхаду або этапавання на зону. А перавод у камеру за 1500 у.е. выклікае ўсмешку і сумневы ў адэкватнасці аўтара. Як і сума «легчы» ў бальніцы, у якую проста патрапіць пры наяўнасці захворвання.
Артыкул аўтара не больш чым сацыяльная фантастыка, вельмі падобная да банальнай хлусні. У беларускіх турмах досыць недахопаў, за якія іх можна крытыкаваць. Дастаткова выпадкаў парушэння правоў чалавека. Але для чаго іх вінаваціць у тым, чаго няма? Мне здаецца, што падобныя выказванні недапушчальныя для пэўнага ўзроўню аўтараў, давер да якіх пасля такіх публікацый знікае спрэс.