Андрэй Хадановіч. Каляды – 21
Хтосьці чакае сьвятаў, а хтосьці празьнікаў. Сьцюжа яшчэ ўсур’ёз ня шчэрыла іклаў. У калядоўшчыкаў — харызматычных вандроўных казаньнікаў — голас ахрыплы па тыдні ліцэйскіх выкладаў.
23.12.2005 / 10:48
Хтосьці чакае сьвятаў, а хтосьці празьнікаў.
Сьцюжа яшчэ ўсур’ёз ня шчэрыла іклаў.
У калядоўшчыкаў - харызматычных вандроўных казаньнікаў -
голас ахрыплы па тыдні ліцэйскіх выкладаў.
Пазасынала ўсё: парк Перамогі й Лошыца.
Між царквой і касьцёлам да самай раніцы — унія.
Сьпяць далікатна, нібы дзяўчо, укалоўшыся
голкаю бэджыка з надпісам: «Сьпячая Прыгажуня».
Стол без калядных паштовак да непрыстойнасьці голы.
Дзе пералётная пошта сьвятога Міколы?
Не даглядзеў пэрсаналу сівабароды гіпі:
усім інтэрнэт-галубятням гамон па птушыным грыпе.
Сьпяць маладыя ваўкі і казлы старыя,
мірныя людзі, а побач — сусед іх кляты.
Сьпіць далакоп, і ў снах гэтаксама рые.
На абразах — мадонны, а ў ложках — проста Марыі,
проста ў сярэдзіне — іхныя немаўляты.
Птушкі ў гадзіньніках і хвіліны ў гадзіне.
Сонны ды-джэй машынальна круціць кружэлку.
Сьпяць валы і ягняты, сьпяць прусакі ў радзільні…
Пара сэкундаў — і крык абудзіў акушэрку.