Як будзе выглядаць горад, які пабудуюць у ААЭ для імітацыі жыцця на Марсе?

Аб'яднаныя Арабскія Эміраты вырашылі ўзяць удзел у гонцы па каланізацыі Марса, якая намецілася апошнія гады сярод розных дзяржаўных і прыватных кампаній па ўсім свеце. У краіне вырашылі пабудаваць цэлы горад для імітацыі жыцця на Чырвонай планеце.

03.10.2017 / 17:46

Праект будаўніцтва паселішча, кошт рэалізацыі якога складае каля 136 млн даляраў, ужо ўхвалены ўрадам ААЭ. Новае муніцыпальнае ўтварэнне атрымае назву «Марсіянскі навуковы горад» і стане часткай доўгатэрміновага плана шэйха Махамеда ібн Рашыд Аль Мактума і Касмічнага цэнтра Эміратаў па рэалізацыі грандыёзнай марсіянскай місіі па стварэнні чалавечай калоніі на Марсе ў пачатку XXII стагоддзя.

Згодна з будаўнічым планам, плошча горада будзе складаць 177 тысяч квадратных метраў. Распрацоўкай плана горада, які будзе складацца з некалькіх велізарных футурыстычных будынкаў у выглядзе купалоў, займаўся знакаміты дацкі архітэктар Б'ярке Інгельс у супрацоўніцтве з інжынерамі і навукоўцамі ААЭ. Унутры гэтых будынкаў знойдуць месца мноства лабараторый, якія зоймуцца пошукамі рашэнняў у забеспячэнні каманды марсіянскіх каланістаў ежай, энергіяй і вадой.

Пра тэрміны будаўніцтва горада не паведамляецца, але ўжо цяпер у нас ёсць магчымасць паглядзець, як будуць выглядаць яго неверагодныя футурыстычныя будынкі ўнутры і звонку.

Фота: Emirate Mars Mission

nn.by