Канкурэнтная Магілёўшчына і безальтэрнатыўная Гарадзеншчына

Калі ня браць у разьлік Менск, то самай канкурэнтным рэгіёнам краіны падчас парлямэнцкіх выбараў чакана стане Магілёўская вобласьць.

13.09.2008 / 22:24

Калі ня браць у разьлік Менск, то самай канкурэнтным рэгіёнам краіны падчас парлямэнцкіх выбараў чакана стане Магілёўская вобласьць. Кандыдаты ў гэтым рэгіёне, у тым ліку апазыцыйныя, амаль не сутыкаліся з адмовамі. Вынік гэтага гаворыць сам за сябе.

На Магілёўшчыне няма ніводнай безальтэрнатыўнай акругі. Агулам жа з трынаццаці акругаў толькі ў пяці будзе па два кандыдаты, па іншых – ад трох да шасьці. Сярэдні ж конкурс складзе 3 чалавекі на месца, гэта болей, чым па краіне (2,5).

Для параўнаньня на Гарадзеншчыне, якая таксама мае трынаццаць акругаў, конкурс складае 1,8 чалавекі на месца. Пяць акругаў увогуле засталіся безальтэрнатыўнымі. Нешта падобнае назіраецца і ў заходніх раёнах Меншчыне, дзе ўчастковыя камісіі адмовіліся рэгістраваць прадстаўнікоў апазыцыі.

Гэта можна растлумачыць вялікай базай лукашэнкаўскага электарату на Магілёўшчыне. Там, па меркаваньні ідэолягаў, народ усё адно не прагаласуе за апазыцыю. Зусім жа іншае стаўленьне да рэгіёнаў кшталту Мядзела, Наваградка, Смаргоні, Ваўкавыску, Іўя, Мастоў, Шчучына, Нясьвіжу ці Барысава. Таму гэтыя акругі, ад граху падалей, і зрабілі безальтэрнатыўнымі.

ЗП