У Лідскім раёне механізатару падчас уборкі кукурузы адарвала кісць

05.10.2017 / 20:27

У Лідскім раёне падчас уборкі кукурузы быў цяжка траўмаваны 49-гадовы механізатар камбайна, паведамляе гродзенская рэгіянальная газета «Перспектыва».

Інцыдэнт адбыўся 3 кастрычніка. Мужчына, каб высветліць прычыну груку барабана здрабняльнага апарата, змясціў левую руку праз назіральны люк у прыёмны механізм, не дачакаўшыся пры гэтым поўнага спынення рэжучых нажоў, якія круціліся па інэрцыі. У выніку ён страціў кісць рукі і быў шпіталізаваны.

Па месцы працы пацярпелы характарызуецца станоўча, з'яўляецца спецыялістам з вялікім стажам працы, падчас працы быў цвярозы.

Па факце здарэння прызначаная судмедэкспертыза.