Акцыя па ўшанаванні паўстанцаў Каліноўскага ў Свіслачы скасаваная
12.10.2017 / 09:27
Аргкамітэт адзначэньня Дня памяці паўстанцаў 1863 году, які штогод праходзіць у Сьвіслачы і Якушоўцы, распаўсюдзіў заяву, у якой заклікае грамадзянскую супольнасьць краіны на працягу кастрычніка і лістапада, калі беларусы адзначаюць Дзяды, прыходзіць да помніка Каліноўскага ў Сьвіслачы і да крыжа ў Якушоўцы, на магілы паўстанцаў ва ўсёй Беларусі і ўшаноўваць іх памяць, піша Радыё Свабода.
— Паколькі сёлетні фэст ня будзе праходзіць у звыклым фармаце ў Сьвіслачы і Якушоўцы, — гаворыцца ў звароце, — грамадзкім актывістам з розных раёнаў Гарадзеншчыны і ўсёй Беларусі прапаноўваецца сёлета цягам кастрычніка-лістапада ў розныя дні прыяжджаць у Сьвіслач і Якушоўку, ускладаць кветкі да помнікаў, ставіць зьнічкі, ушаноўваць памяць нацыянальных герояў і патрыётаў адраджэньня ўсімі легальнымі спосабамі.
Аргкамітэт заклікае таксама ў гэты пэрыяд наведваць і ўшаноўваць іншыя гістарычныя мясьціны і помнікі, зьвязаныя з памяцьцю герояў паўстаньня 1863 году.