Дашчэнту згарэла адна з галоўных славутасцяў Франкфурта-на-Майне ВІДЭА

12.10.2017 / 11:03

У нямецкім горадзе Франкфурце-на-Майне ноччу 12 кастрычніка згарэла драўляная назіральная пляцоўка 1931 года пабудовы — вежа Гётэ. Пра гэта паведамляе пажарная служба горада на сваёй старонцы ў Twitter.

«Вежа Гётэ ў Заксенхаўзене (паўднёвы раён горада. — НН) ахоплена агнём. На жаль, яе не выратаваць», — гаворыцца ў паведамленні.

Zur Zeit wird die Umgebung und ein in der Nähe befindliches Café gekühlt bzw. geschützt. Der Turm selbst ist leider nicht mehr zu retten.^rh pic.twitter.com/ZoSSMDB4Tb

— Feuerwehr Frankfurt (@feuerwehrffm) October 12, 2017

Відэа: Feuerwehr Frankfurt / Twitter

Да цяперашняга моманту пажарныя спынілі полымя і не далі яму перакінуцца на навакольныя тэрыторыі і кафэ.

Як заявілі Deutsche Welle у пажарнай службе, «шкода велізарная і не можа быць ацэнена матэрыяльна». Да самага ранку вежа згарэла цалкам. Прычына ўзгарання застаецца нявызначанай.

Вежа была пабудавана ў 1931 годзе ў гонар Іагана Вольфганга Гётэ, родным горадам якога з'яўляецца Франкфурт-на-Майне. У 2014 годзе будынак быў рэканструяваны. Да 1999 года вежа Гётэ была самым высокім драўляным будынкам падобнага прызначэння ў Германіі (43 м).

Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»