Лабадзенка пачаў збор сродкаў на помнік Касцюшку ў Беларусі: «Не трэба шукаць ворагаў, трэба самім ушаноўваць сваіх герояў»
Ахвяраваць на першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касцюшку можа любы ахвотны на платформе «Талака». Каб помнік з’явіўся, неабходна сабраць 11 тысяч рублёў. Усталяваць яго плануюць у Мерачоўшчыне, дзе нарадзіўся нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША.
12.10.2017 / 19:03
Працоўны варыянт помніка, што беларусы хочуць паставіць у Швейцарыі.
Ініцыяваў збор сродкаў Глеб Лабадзенка. На яго думку, гэта самая правільная рэакцыя беларусаў на скандал вакол помніка Касцюшку ў Швейцарыі.
«Самае рацыянальнае зерне, якое прагучала ва ўсіх гэтых сварках вакол помніка ў Швейцарыі, у тым, што не трэба шукаць ворагаў, а трэба самім ушаноўваць сваіх герояў, — кажа Глеб Лабадзенка. — Мы самі вінаватыя, што ў Беларусі няма ніводнага помніка Касцюшку, але гэта тое, што заўжды можна выправіць».
Адзін з двух бюстаў Касцюшкі стаіць на тэрыторыі амерыканскай амбасады ў Мінску. Другі — у вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе месцілася сядзіба Касцюшкаў. Ёсць памятны валун у Мерачоўшчыне.
«Калі я сёння з раніцы пазваніў дырэктарцы музея ў Мерачоўшчыне і агучыў ідэю паставіць помнік Касцюшку, яна сказала: «Вы, напэўна, прачыталі мае думкі», — працягвае Глеб. — Дэлегацыю ад іх музея якраз запрасілі на адкрыццё помніка Касцюшку ў Залатурне, і яны абмяркоўвалі, як было б добра, каб у іх таксама адкрылі такі помнік. Дырэктарка дадала, што з раённым кіраўніцтвам таксама калісьці ўжо абмяркоўваліся такія ідэі, але, зразумела, вельмі часта ўсё ўпіраецца ў грошы.
Я перакананы, што не трэба нікога папракаць: ні музей, ні ўлады, ні Міністэрства культуры — нікога. Бо такія помнікі павінны быць народнымі. Калі мы ганарымся, што наша зямля дала такога чалавека свету, як Тадэвуш Касцюшка, гэта значыць, кожны павінен даць па капейцы, па рублю на гэты помнік».