Лукашэнка адхіліў ад пасадаў усё кіраўніцтва ААЦ — Шпегуна і намеснікаў

13.10.2017 / 16:12

У кіраўніка краіны адбылася нарада з прадстаўнікамі сілавога блока. Аляксандрам Лукашэнкам прынятае рашэнне адхіліць ад пасады ўсё кіраўніцтва Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ) да канца расследавання гучных справаў, якія былі перададзеныя лідару Беларусі.

Сяргей Шпягун (злева) і кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык.

«Сёння я хацеў бы пагаварыць і абмеркаваць у гэтым складзе праблемы асобных правапарушэнняў у нашай краіне. У тым ліку і на самым высокім узроўні, у тым ліку звязаных з карупцыйнымі праявамі. Я проста абяцаў у свой час, што ў такім складзе мы сустрэнемся, каб не было рознага роду пагалосак і выдумак. І, яшчэ раз падкрэсліваю, перш чым прымаць рашэнне, я гатовы выслухаць пазіцыю, калі трэба, кожнага», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы нараду.

У сувязі з прэтэнзіяй да іх працы з боку камісіі, створанай па даручэнні Лукашэнкі, якая вывучала дзейнасць ААЦ, кіраўніком дзяржавы прынята рашэнне аб адхіленні ад займаных пасадаў усіх кіраўнікоў Аператыўна-аналітычнага цэнтра да заканчэння расследавання фактаў, прадстаўленых кіраўніку краіны.

Начальнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра — Сяргей Шпягун, яго намеснікі — Генадзь Бялкоў і Канстанцін Шульган.

Сяргей Шпягун узначальваў Аператыўна-аналітычны цэнтр ад кастрычніка 2011 года. Гэта самы закрыты сілавік у краіне, нідзе няма нават яго біяграфічных звестак.

Чытайце таксама: Што вядома пра адстаўленага Сяргея Шпегуна — самага сакрэтнага спецслужбіста Беларусі

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

ЗП