Проста сёння, яшчэ паспееце. У Мінску прэзентуюць кнігу пра сэксуальную рэвалюцыю ў Савецкай Беларусі
18 кастрычніка, Галерэя tut.by (пр. Дзяржынскага, 57, 9 паверх). 19.00. Уваход вольны.
18.10.2017 / 17:38
18 кастрычніка ў Галерэі tut.by адбудзецца прэзентацыя кнігі «Сэкскуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917-1929» Аляксандра Гужалоўскага.
Гэта першае даследаванне радыкальных змен у сямейна-шлюбных адносінах і сэксуальным жыцці беларусаў пасля прыходу бальшавікоў да ўлады. І пакуль адзінае.
«Сацыялістам трэба было разламаць інстытут сям’і і на яго месцы пабудаваць нешта іншае», — тлумачыць галоўны тагачасны пасыл прафесар Гужалоўскі.
Праўда, бальшавікі ў тэорыі не хацелі разбэшчваць народ. Але ўсё пайшло па-іншаму.
«А галоўным тэарэтыкам новых стасункаў паміж жанчынай і мужчынам была Аляксандра Калантай. Яна ўжывае такія тэрміны, як «эратычнае сяброўства», «паслядоўная змена партнёраў», — адзначае прафесар Гужалоўскі. Між іншым, «грамадзянскі шлюб», якім карыстаемся да сёння, — таксама вынаходніцтва таго часу.
Як у час «сэксуальнай разняволенасці» спраўлялі вяселле? Хто з вядомых дзеячаў падтрымаў новыя павевы? Як бальшавікі легалізавалі прастытуцыю?
На гэтыя пытанні і адкажа Аляксандр Гужалоўскі падчас прэзентацыі «Сэксуальнай рэвалюцыі ў Савецкай Беларусі». Аўтар таксама пазнаёміць з матэрыяламі, якія ў кнігу не ўвайшлі. Адбудзецца прагляд урыўкаў з першага беларускага фільма «Прастытутка» (1926 год).
Аляксандр Гужалоўскі — прафесар, доктар гістарычных навук. Выкладае на гістарычным факультэце БДУ.
Аўтар шэрагу даследаванняў, сярод іх — «Чырвоны аловак: нарысы па гісторыі цэнзуры ў БССР: 1919—1941», «Музеі Беларусі».