Сняданак, дзеля якога хочацца прачнуцца: бліны з сырам і зелянінай
Бліны, як і аладкі — яшчэ адна «доўгая песня». Але калі зранку ёсць трохі больш часу, можна парадаваць сябе румянымі блінцамі.
04.11.2017 / 09:07
Сырнай начынкай, напэўна, нікога не здзівіш, таму мы пойдзем іншым шляхам і зробім бліны «з прыпёкам»: дададзім сыр і зеляніну адразу ў цеста. У прынцыпе, нішто не замінае і ў гэтыя бліны якую заўгодна, нават салодкую, начынку завярнуць — атрымаецца цікавае спалучэнне смакаў і тэкстур. Мне да галавы адразу прыходзіць найлепшая сяброўка сыру — шынка, а што б прапанавалі вы?
Вам спатрэбіцца:
- 300 г мукі
- 200 мл малака
- 200 мл кіпню
- 2 яйкі
- па 1 ч.л. солі, цукру і соды
- 3 ст.л. алею
- 100-150 г жоўтага сыру (найлепей з яркім, выразным смакам)
- зеляніна (кроп, пятрушка, кінза) на смак
Як гатаваць:
1. Узбіць яйкі з цукрам і соллю, дадаць малако, яшчэ крыху ўзбіць.
2. Усыпаць прасеяную муку з содай, добра перамяшаць.
3. Працягваючы інтэнсіўна перамешваць, уліць кіпень, потым дадаць алей.
4. Умяшаць нацерты на буйной тарцы сыр і зеляніну. Даць цесту «адпачыць» хвілін 15-20.
5. Пячы тонкія бліны на добра гарачай патэльні, змазанай невялікай колькасцю алею, з абодвух бакоў. Гатовыя бліны можна дадаткова змазваць маслам.
Гатуйце таксама:
- Аладкі з яблыкамі
- Гарбузовы кекс з яблыкамі, журавінамі і арэхамі
- Два хуткія ВІДЭАрэцэпты салатаў з рыбай
- Печыва з журавінамі
- Яблычны кекс з сырам