Б’е рамянём па задзе, ставіць на калені: як жанчына карае хлопцаў на гомельскай будоўлі ФОТА

дапоўнена

07.11.2017 / 21:56

У пачатку лістапада ў Байнэце з’явілася дзіўнае відэа. На ім жанчына-рабочая гомельскага будаўнічага ўпраўлення — 107 карае моладзь у бытоўцы: ставіць хлопцаў на калені, пасля прымушае іх павярнуцца і б’е рамянём.

Праўда, варта адзначыць, што пакаранне выклікае ў саміх «вінаватых» хутчэй усмешкі, чым слёзы. Прынамсі, у аднаго з іх.

Другому хлопцу, якому жанчына абяцае выбіць у наступны раз зубы («І пракурор х** дакажа, што гэта зрабіла я!»), не так весела.

Але з размовы вынікае, што хлопцаў, меркавана, ці то застукалі з дзяўчынамі ў бытоўцы, ці то яны вярнуліся ад дзяўчат нападпітку.

(Пры жаданні само відэа, можна паглядзець тут. Але асцярожна — там вельмі шмат мацюкоў!)

«Наша Ніва» звязалася з той самай жанчынай. Яе завуць Людміла, яна працягвае працу ў БУ-107. Па яе словах, гэты выпадак адбыўся яшчэ 3 гады таму.

«Але я каментаваць вам нічога не буду. Той чалавек быў пакараны за неадэкватныя паводзіны на працы. Больш я нічога не скажу, а на таго, хто зняў і выклаў відэа, падам у суд», — сказала Людміла.

Па словах супрацоўнікаў БУ-107, хлопцы, якіх Людміла «выхоўвае» на відэа, там больш не працуюць. Адзін з іх з'ехаў у Расію, працуе там. Другі — у турме, кажуць, за бойку. Па чутках, ён разам з братам збіў бацьку.

УШ