Францыя пераглядае законы пра ўзрост згоды пасля спрэчных выпадкаў апраўдання педафілаў

13.11.2017 / 17:40

Францыя збіраецца ўнесці змены ў свае законы пра ўзрост сэксуальнай згоды, заявіла міністр па пытаннях гендэрнай роўнасці, паведамляе BBC.

Міністр Марлен Шыяпа сказала, што ўрад разглядае магчымасць ўстанаўлення фіксаванага ўзросту, ніжэй за які сэкс аўтаматычна становіцца сур'ёзным крымінальным злачынствам.

Рашэнне аб змене закона было прынята пасля двух выпадкаў, калі дарослыя мужчыны былі апраўданыя судамі пасля згвалтавання дзвюх 11-гадовых дзяўчынак.

Зараз у Францыі ўзрост згоды складае 15 гадоў, але пракурорам увесь час даводзіцца даказваць, што сэкс з загадзя непаўналетнім быў навязаны, каб асудзіць гвалтаўніка.

Згодна з цяпер дзеючым законам, у Францыі, калі не быў даказаны гвалт або прымус, асобам, якія мелі сэксуальны кантакт з непаўналетнім можа быць прад'яўлена толькі абвінавачанне ў сэксуальным здзеку над непаўналетнім, а не ў згвалтаванні. Такі чалавек можа быць пакараны штрафам у 75 тысяч еўра або турэмным зняволеннем на тэрмін да пяці гадоў.

Міністр заявіла, што яе ўрад абмяркоўвае цяпер такія змены ў закон, каб сэкс з непаўналетнім паміж 13 і 15 гадамі аўтаматычна разглядаўся як згвалтаванне.

Міністр Марлен Шыяпа

На міжнародным узроўні афіцыйна ўсталяванага ўзросту згоды не існуе, аднак у большасці краін гэты ўзрост, як правіла, складае каля 16 гадоў, а орган ААН па правах чалавека заклікае краіны абараняць дзяцей ад сэксуальнай эксплуатацыі.

nn.by