Ісламіст з Полацка, які атрымаў 12 гадоў калоніі, быў асуджаны за забойства з расчлянёнкай

Сілавікі раскрылі падрабязнасці гучнай справы.

16.11.2017 / 18:03

Жыхар Полацка рыхтуе тэракт? Гэта адна з рабочых версій, якую разглядалі віцебскія аператыўныя супрацоўнікі, разблытваючы злачынны клубок з удзелам грамадзяніна Беларусі. Прыхільнік ідэалогіі тэрарызму, радыкальных ісламісцкіх груповак, як высветлілася, вырабляў выбухоўку, распаўсюджваў у сацсетках экстрэмісцкія матэрыялы, якія прапагандуе «Ісламская дзяржава», заклікаў пакончыць з «нявернымі». На днях суд прыгаварыў палачаніна да 12 гадоў калоніі строгага рэжыму. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў. Эксклюзіўныя падрабязнасці гэтай справы распавёў sb.by начальнік аддзела па супрацьдзеянні экстрэмізму Віцебскага абласнога падраздзялення па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй МУС Вадзім Таўпінец.

Абвінавачанаму 35 гадоў. Ужо быў судзімы: у 1999-м — за забойства з расчляненнем ахвяры, у 2007-м — за невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду (апроч гэтага, выкрадаў з крамаў тавары, нярэдка са сваёй сужыцелькай). Вызваліўшыся, у 2013-м, з'ехаў у Нямеччыну, дзе таксама зарабляў дробнымі крадзяжамі і таксама трапляў у папраўчыя ўстановы. Там і пазнаёміўся з мігрантамі з Чачні і Дагестана, прыняў іслам і стаў называць сябе Сейфулахам. Нованавернуты пачаў вызнаваць радыкальную форму ісламу, нецярпімасць да іншых рэлігій, падтрымліваць ідэалогію тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава», яе метады барацьбы з «нявернымі». Праз сацсеткі ён, як гаворыцца ў матэрыялах справы, «распаўсюджваў аўдыявізуальныя, графічныя і тэкставыя прапагандысцкія матэрыялы ІД, іншую рэлігійна-экстрэмісцкую інфармацыю». Адпраўляў яе і знаёмым у Беларусь, у тым ліку блізкай сяброўцы, якую таксама далучыў да новага веравызнання.

Каму хочацца трываць такога тыпа ў сваёй краіне? У 2015-м мужчыну з Германіі выправадзілі, дакладней, дэпартавалі на радзіму. У Беларусі ён працягнуў сваю разбуральную дзейнасць: выкладваў забароненыя матэрыялы ў сетку і заклікаў да акцый супраць «няверных». Як са сваёй старонкі ў сацсетках, так і праз мабільныя месенджары. Тады, уласна, небяспечны грамадзянін і трапіў у поле зроку віцебскіх змагароў з аргзлачыннасцю і карупцыяй.

Усе прыкметы паказвалі на тое, што чалавек да нечага рыхтуецца, распавядае падпалкоўнік міліцыі Таўпінец:

— Пачалі да яго прыглядацца: чым займаецца, чым цікавіцца. Аказалася, чалавек актыўна вывучае ў сетцы матэрыялы аб відах, складзе, спосабах вырабу самаробных выбуховых прыстасаванняў. Затым нам стала вядома, што ён купіў хімічныя кампаненты для вырабу выбуховага прыстасавання. Інструкцыю-відэаролік знайшоў у інтэрнэце (відэаролік ён захаваў на мабільны тэлефон) і ўзяўся вырабляць выбухоўку.

Захоўваў ён яе ў сваёй кватэры, пакуль туды 28 кастрычніка 2016 года не наляцелі аператыўныя супрацоўнікі ГУБАЗіК. Небяспечнае рэчыва знайшлі ў здымным жыллі абвінавачанага, у ваннай. Сёе-тое захоўвалася на балконе. Дома ў Т. выявілі і іншыя кампаненты самаробнай бомбы. Па адной з версій міліцыі, затрыманы рыхтаваў тэракт у замежнай дзяржаве, разлічваючы такім чынам павысіць свой аўтарытэт перад будучымі гаспадарамі з ІД, бо ў далейшым Т. планаваў далучыцца да групоўкі ў Сірыі. З'ехаць туды меўся з сяброўкай, праз краіны Еўрасаюза (пара спрабавала адкрыць візы, але не выйшла) або Расею… Пасля затрымання палачанін толькі нявінна лыпаў вачамі: нібыта ён супраць ваенных дзеянняў і крыві, маўляў, проста хацеў зрабіць хлапушкі да Новага года.

Таксама выяўлена, што праз сацсеткі «Сейфулах» распаўсюджваў відэаролікі і фота парнаграфічнага характару, рассылаў іх іншым карыстальнікам.

Аператыўная здымка. Фота прадстаўлена ГУБАЗіК МУС