Tesla паказала свой першы беспілотны электрагрузавік і новы спорткар

Tesla прадставіла свой першы электрычны грузавік і новую легкавік — спорткар з адкідным верхам. Кіраўнік кампаніі Ілан Маск заявіў, што стварэнне электрагрузавіка стала чарговым крокам на шляху да вызвалення эканомікі ад выкарыстання паліва на вуглевадародах.

17.11.2017 / 15:28

Электрагрузавік Tesla Semi Truck зможа праехаць без падзарадкі да 800 км, а для таго, каб праехаць яшчэ каля 650 км, яму хопіць усяго паўгадзіннай зарадкі, сцвярджае Маск. Пры максімальнай загрузцы ў 36 тон Semi Truck можа разагнацца да 100 км/г за 20 секунд, а без грузу — усяго за пяць.

Tesla Semi Truck абсталяваны сістэмай аўтапілота, пры якой грузавікі змогуць самастойна рухацца ў аўтакалонах, дзе толькі першай машыне спатрэбіцца кіроўца. Гэта, вядома, зробіць грузаперавозкі таннейшымі.

Вытворчасць электрагрузавіка плануюць пачаць у 2019 годзе. Кошт пакуль невядомы.

Пасля прэзентацыі грузавіка была таксама прадстаўленая новая легкавая мадэль Tesla Roadster — паўнапрывадны спартыўны аўтамабіль з адкідным верхам.

На ім можна разагнацца да 100 км/г менш, чым за дзве секунды, а яго максімальная хуткасць — 400 км/г. Без падзарадкі Roadster здольны праехаць да тысячы кіламетраў.

Тысяча першых Tesla Roadster будуць каштаваць 200 тысяч даляраў. Продажы пачнуцца ў 2020 годзе.

Амерыканская кампанія Tesla Motors — вытворца электрамабіляў прэміум-сегменту, акумулятараў і сонечных батарэй. Была заснаваная ў 2003 годзе і лічыцца заканадаўцам моды ў электрычным аўтамабілебудаванні. 

nn.by