Як і навошта чарапахі дыхаюць азадкам? Цікавы факт

Чарапахі — халаднакроўныя жывёлы: тэмпература іх цела не трымаецца на пэўным узроўні, як у людзей і іншых сысуноў, а заўсёды прымае тэмпературу навакольнага асяроддзя. Дзіўна, але гэтая істота можа выжываць нават пры самых нізкіх плюсавых тэмпературах.

29.11.2017 / 18:26

Калі вадаём, у якім жыве чарапаха, пакрываецца лёдам, яна плыве на дно, дзе тэмпература звычайна трымаецца на ўзроўні +4 градусаў. Такім чынам жывёла ратуецца ад смерці ў халодным паветры, бо тэмпературы ніжэйшай за нуль яна ўсё ж не перанесла б.

Але чарапаха — не рыба, якая можа дыхаць пад вадой з дапамогай жабраў. Што ж рабіць, калі вадаём зацягнуў шчыльны лёд, і чарапаха не можа выбрацца на паверхню, каб трохі падыхаць?

 

Балотная чарапаха, занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі

Для таго, каб падтрымліваць жыццё ўзімку, гэтыя жывёлы выкарыстоўваюць два прыёмы. Першае, што яны робяць, — уваходзяць у стан гібернацыі (папросту кажучы — у зімовую спячку). Пры гэтым метабалізм моцна запавольваецца, і жывёлы абыходзяцца той невялікай колькасцю кіслароду, якая засталася ў крыві.

Але часам гэтага кіслароду можа і не хапаць, таму другі прыём, які выкарыстоўваюць чарапахі — так званае «клаачнае дыханне», або дыханне азадкам.

Рэч у тым, што ў вобласці паміж заднімі лапамі знаходзіцца шмат крывяносных сасудаў, праз якія кісларод, які ўтрымліваецца ў вадзе, можа трапляць у арганізм жывёлы.

Адкуль жа ўзімку у вадзе бярэцца кісларод? Падводныя жывёлы выкарыстоўваюць той выпрацаваны багавіннем з дапамогай фотасінтэзу кісларод, які застаўся яшчэ з восені. Дарэчы, за ўсю зіму рыбы і іншыя насельнікі вадаёма выкарыстоўваюць яго амаль цалкам. Але навукоўцы высветлілі, што для чарапах не праблема пратрымацца пад вадой да 100 дзён, чаго цалкам дастаткова для таго, каб перажыць зіму.

Ілья Параскевіч