Былы кіраўнік Салігорска асуджаны на 8 год

04.12.2017 / 18:10

Былы старшыня Салігорскага райвыканкаму Аляксандр Рымашэўскі прызнаны сёння вінаватым у здзяйсненні злачынства па артыкуле аб атрыманні хабару службовай асобай і асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй усёй маёмасці, паведамляе БЕЛТА.

Аляксандр Рымашэўскі.

Абвінавачанне падчас спрэчак у Менскім абласным судзе запатрабавала 9 гадоў пазбаўлення волі. «У цэлым суд пагадзіўся з пазіцыяй пракуратуры па гэтай крымінальнай справе», — сказаў пракурор. Аляксандр Рымашэўскі, паводле словаў абвінаваўцы, на працягу прыкладна года атрымліваў матэрыяльнае ўзнагароджанне (хабар), агульная сума якога склала $16,9 тыс., што з'яўляецца асабліва буйным памерам.

Хабару за чатыры прыёмы перадаў адзін чалавек — прадстаўнік камерцыйнай структуры «Белросаграсэрвіс» ў мэтах пагашэння запазычанасці сельгаспрадпрыемстваў Салігорскага раёна. Чыноўнік быў затрыманы 30 мая на дарозе паблізу вёскі Камень Капыльскага раёна Мінскай вобласці з доказамі злачынства, у момант атрымання хабару ў $2,7 тыс.

Выступаючы сёння ў судзе з апошнім словам, сам Рымашэўскі назваў справу фальсіфікаванай, а сваёй віны ў атрыманні хабару не прызнаў.