Instagram пачаў тэставаць уласны мэсэнджар, які прыйдзе на змену раздзелу Direct

Сацыяльная сетка Instagram пачала тэставаць уласны мэсэнджар — дадатак для абмену паведамленнямі, які атрымаў назву Direct. Такую ж назву мае раздзел Instagram для абмену асабістымі паведамленнямі, які ўжо існуе.

08.12.2017 / 17:43

Цяпер новы мэсэнджар працуе ў тэставым рэжыме ў шасці краінах — Ізраілі, Італіі, Партугаліі, Турцыі, Чылі і Уругваі. Дата глабальнага запуску яшчэ не прызначаная.

Direct стане аналагам дадатку Messenger ад Фэйсбука, які зарэкамендаваў сябе не вельмі зручна ў некаторых сітуацыях.

Напрыклад, калі вы карыстаецеся дадаткам Facebook і раптам захацелі напісаць камусьці паведамленне, націсканне адпаведнае кнопкі прыводзіць да адкрыцця дадатку Messenger, што займае пэўны час, які асабліва заўважны на недарагіх або старых мадэлях смартфонаў, хуткасць працы якіх пакідае жадаць лепшага. Раней паведамленнямі можна было абменьвацца непасрэдна ў дадатку Facebook, і гэта было хутчэй.

nn.by