Як беларус пабудаваў хату з пяску і гліны за $1000 і застаўся ў ёй зімаваць ФОТЫ
Мазырчук Яўген Раеўскі вырашыў пераехаць у вёску і пабудаваць сабе хату з экалагічна чыстых матэрыялаў, прычым амаль неапрацаваных. На ўсё яму спатрэбілася не больш за тысячу даляраў.
14.12.2017 / 10:40
Сакрэтамі будаўніцтва ён дзеліцца ў сацыяльных сетках, у тым ліку вядзе відэаблог на ютубе.
Фота гэтае і ніжэй: vk.com/naturalbuilding
Яўген перакананы, што варта будаваць такія дамы, у якіх не толькі зручна і ўтульна жыць, а якія павінны забяспечыць чалавеку натуральныя ўмовы пражывання.
Яўген Раеўскі. Фота з асабістай старонкі героя
Таму ён прыйшоў да ідэі будаваць хаты з матэрыялаў, якія знаходзяцца побач. Асноўнымі будаўнічымі матэрыяламі сталі пясок, гліна, вада, салома і дровы.
Болей за ўсё часу прыйшлося выдаткаваць на ўзвядзенне вонкавых сценаў з пяску, гліны і саломы — некалькі месяцаў. Крыху хутчэй былі пабудаваныя ўнутраныя перагародкі з дроваў і гліны. Уся канструкцыя трымаецца на драўляным каркасе.
У хаце маецца ўсё неабходнае для жыцця, у тым ліку кухня, невялічкая печ-мазанка і ложак побач з ёй. Агульная ж плошча дома — каля 45 квадратных метраў.
«Паўнавартаснае электрычнасці ў доме няма, — кажа Яўген. — Проста ад суседа працягнуў падаўжальнік, каб была магчымасць сілкаваць ноўтбук. Планую ў найбліжэйшы час афармляць дом і падлучацца да ЛЭП».
Невялічкія круглявыя акенцы, а таксама наяўнасць травы на даху робяць хату падобнай да жытла хобітаў.
Вялікае акно маецца таксама ў цэнтры даху.
На першы погляд дом можа здацца халодным і не прыстасаваным для зімовага жыцця. «Між тым, хоць тэарэтычна падлога і з'яўляецца халоднай, гэтага зусім не адчуваецца: на зямлю пакладзены пласт цэглы, а на яе — дубовыя бярвёны таўшчынёй 12 см», — распавёў «Нашай Ніве» гаспадар хаты.
Нядаўна Яўген пафарбаваў сваю «прыродную» хату ў белы колер, што не спадабалася некаторым ягоным падпісчыкам. Цяпер, калі выпаў снег, хлопец падзяліўся новымі фотаздымкамі і напісаў:
«Мне вельмі шмат пісалі: «Навошта ты дом у белы колер пафарбаваў? Пясочны колер быў лепшы». Я сам не ведаў толкам, навошта яго пафарбаваў у белы колер, проста вось захацелася».
З надыходам зімы ўзнікла і пытанне стварэння камфортнае тэмпературы ў жыллі. Столь Яўген уцяпліў пілавіннем (пласт таўшчынёй 20—30 см). А вось са сценамі праблема вырашылася наступным чынам:
«З усходу, поўначы і захаду ў доме знаходзяцца памяшканні, якія на зіму зачыняюцца, жылы застаецца толькі цэнтральны пакой з печчу. У гэты момант на вуліцы 0…-2, тэмпература ў доме трымаецца на ўзроўні 20 градусаў. Калі палю печ, то тэмпература падымаецца да 22—23 градусаў», — распавядае Яўген Раеўскі.
Правесці зіму хлопец плануе ў сваёй «прыроднай» хаце, а на наступны год ужо запланавана будаўніцтва дома па такой жа тэхналогіі на суседнім участку.