Дзе жывуць і чым займаюцца дзеці беларускіх топ-чыноўнікаў ФОТЫ

25.12.2017 / 18:06

«Наша Ніва» заўсёды надзяляла шмат увагі беларускім чыноўнікам. Гэта людзі, якія сваімі ініцыятывамі і рашэннямі ўплываюць на жыццё кожнага жыхара краіны.

У многіх краінах свету (у тым ліку ў суседніх Расіі і Украіне) чыноўнікі і іх сем'і мусяць публікаваць свае дэкларацыі даходаў, бо атрымліваюць заробкі з дзяржаўнага бюджэту. У Беларусі такога абавязку няма, жыццё чыноўнікаў — закрытая сфера.

Аднак грамадзяне Беларусі маюць права ведаць, як жывуць прадстаўнікі наменклатуры і іх сем'і.

У традыцыйным артыкуле «Наша Ніва» сістэматызуе інфармацыю пра дзяцей каля 30 топ-чыноўнікаў.

Перадусім мы бралі для вывучэння асобаў з верхніх пазіцый нашаніўскага рэйтынгу «Топ-100 самых уплывовых беларусаў».

Мы шукалі адказы на два асноўныя пытанні: дзе вучыліся і дзе працуюць цяпер дзеці чыноўнікаў. Інфармацыя перадусім шукалася ў сацыяльных сетках.

У атрыманым спісе ёсць розныя людзі — некага завабіла дзяржаўная служба, як і іх бацькоў, хтосьці працуе ў прыватным бізнэсе. А некаторыя яшчэ толькі ходзяць у школу і абіраюць свой жыццёвы шлях.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі

Ні для каго ў Беларусі не сакрэт, што ў кіраўніка дзяржавы трое сыноў.

Аляксандр, Мікалай, Віктар, Дзмітрый Лукашэнкі. Фота sb.by

Віктар, выпускнік факультэта міжнародных адносінаў БДУ, ад 2005 года займае пасаду памочніка прэзідэнта па пытаннях бяспекі.

Тамсама вучыўся і Дзмітрый. Ён узначальвае Прэзідэнцкі спартовы клуб — дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне, якое дапамагае спартсменам, але мае і ўласныя бізнэс-інтарэсы.

Нарэшце, Мікалай па-ранейшаму школьнік, вучыцца ў 7 класе Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы.

* * *

Валерый Вакульчык, старшыня КДБ

27-гадовая дачка кіраўніка спецслужбы на старонках у сацыяльных сетках пазначыла, што вучылася ў ліцэі №1 ў сталічным мікрараёне Паўднёвы-Захад, а пасля скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», цяпер Аксана Вакульчык займаецца маркетынгам у кампаніі BeCloud — гэта аператар, які праз правайдараў МТС і «Лайф» прадастаўляе беларусам доступ да 4G-інтэрнэту. 

* * *

Віктар Лукашэнка, памочнік прэзідэнта па пытаннях бяспекі

Віктар — шматдзетны тата, у яго і жонкі Ліліі чацвёра дзяцей.

Дачка Вікторыя скончыла сталічную гімназію №16 і ўслед за бацькам пайшла на факультэт міжнародных адносінаў БДУ. Спецыяльнасць другакурсніцы Вікторыі — «сусветная эканоміка». На бясплатнае аддзяленне дзяўчыне прабіцца не ўдалося, таму за навучанне даводзіцца плаціць.

Фота з архіву Вікторыі было апублікавана парталам Tut.by

Сыну Аляксандру 13 гадоў. На старонкі СМІ ён трапляў толькі калі выйграў Калядны турнір па спартыўна-баявых адзінаборствах на прызы мітрапаліта Філарэта.

Яшчэ адной дачцэ, Валерыі, пакуль што 8 гадоў, а меншаму Яраславу толькі 4 гады.

Сям'я падчас удзелу ў акцыі «Нашы дзеці», снежань 2016.

* * *

Андрэй Кабякоў, прэм’ер-міністр

Дачка чыноўніка вучылася на геалагічным факультэце МГУ, калі ён працаваў у Маскве. Вера Кабякова завочна атрымала дыплом прыборабудаўнічага факультэта БНТУ. Апошні раз яна фігуравала ў якасці галоўнага спецыяліста-эксперта у «БПС-Сбербанк». Дзяўчына пастаянна выкладае ў сацыяльныя сеткі сэлфі з цэнтра Мінска.

Вера Кабякова. Фота vk.com

Сын Георгій вырашыў стаць праграмістам. Ён вучыцца на другім курсе прэстыжнага факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ. Летась хлопец паступіў на бясплатнае аддзяленне, набраўшы 325 з 400 магчымых. ЦТ па фізіцы Георгій здаў на 73 балы, па матэматыцы — на 81 бал, а па рускай мове — 78 балаў. Адпаведна, сярэдні бал атэстата складаў 9,3 бала.

Георгій Кабякоў. Фота vk.com

* * *

Уладзімір Макей, міністр замежных спраў

Старэйшы сын міністра замежных спраў, Віталь, працуе пад кіраўніцтвам бацькі. Ён — намеснік начальніка Упраўлення эканамічнага супрацоўніцтва і ўстойлівага развіцця ў Галоўным упраўленні шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў.

Віталь Макей. Фота mfa.gov.by

Віталь Макей вярнуўся ў Беларусь з Нью-Ёрка разам з жонкай Маргарытай і дачкой Марыяй. Сын міністра быў дарадцам па эканамічных і экалагічных пытаннях у прадстаўніцтве Беларусі пры ААН, а яшчэ раней Віталь працаваў першым сакратаром пасольства Беларусі ў Аўстрыі.

Ад другога шлюбу з актрысай Верай Паляковай-Макей у міністра расце сын Арцём. Ён ходзіць у трэці клас.

Міхаіл Мясніковіч, спікер Савета Рэспублікі

Савет рэспублікі лічыцца прытулкам для наменклатурных пенсіянераў, але Мясніковіч спрабуе ўплываць на працэсы ў грамадстве і адтуль.

Выглядае, што дзеці спікера не карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі. Пэўнай інфармацыі пра іх месца працы няма.

Крыніцы «Нашай Нівы» звязвалі старэйшую дачку чыноўніка, Вольгу, з міжнародным гандлем у сферы хімікатаў. Але мы не знайшлі пацвярджэння гэтай інфармацыі.

Малодшае дзіця Мясніковіча, 37-гадовы сын Дзмітрый, закончыў у Мінску сувораўскае вучылішча. Ужо ў 1990-я, у часы незалежнасці, ён паступіў у акадэмію ФСБ у Маскве. Кар'ера ў сілавых структурах была нядоўгай, Дзмітрый сышоў у бізнэс. Чуткі ў інтэрнэце звязвалі яго з горна-хімічнай галіной і працай у Туркменістане ў сумесным прадпрыемстве.

Чытайце таксама: Развітанне з прэм'ер-міністрам. «Мясніковічы ніколі ў КДБ працаваць не будуць!» (2011 год)

* * *

Ігар Шуневіч, міністр унутраных спраў

Аб прыватным жыцці міністра ўнутраных спраў інфармацыі небагата. З прыватнага ён сябе праявіў, толькі калі на 9 Мая апрануў форму НКВД — дарэчы, хваліўся, што пашыў за свае грошы, — і разам з жонкай, якая карыстаецца агульнавайсковай формай часоў Другой сусветнай, катаўся па Мінску на рарытэтным аўтамабілі.

Як стала вядома «НН», у сям’і расце пяцігадовая дачка Варвара.

* * *

Віктар Шэйман, кіраўнік спраў прэзідэнта

34-гадовы Сяргей Шэйман, старэйшы сын непатапляльнага кіраўніка справамі прэзідэнта, — выпускнік прыватнага Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута.

«Атрымаў дыплом юрыста. Ужо ў 23 гады ён працаваў галоўным кантралёрам-рэвізорам пры Мінскім аблвыканкаме. Акрамя таго Сяргей Шэйман быў адным з арганізатараў канцэртаў «За Беларусь!». У прыватнасці, вырашаў пытанні аховы, кантактаваў з зоркамі, зацвярджаў праграмы канцэртаў», — адзначаў карэспандэнт «НН» у артыкуле пра дзяцей сяброў Лукашэнкі. Шэймана-малодшага цяпер ведаюць як бізнэсмена.

Яго 28-гадовая сястра Вольга скончыла той самы інстытут. А нядаўна паехала вучыцца ў ЗША, ва ўніверсітэт Каплан у штаце Аёва. 

На фота адразу дзве Вольгі Шэйман. Злева — дачка Віктара Шэймана, справа — жонка Сяргея Шэймана.

* * *

Павел Калаўр, старшыня праўлення Нацбанка

У сям'і «Чалавека года — 2017» двое сыноў.

Старэйшаму Аляксею нядаўна споўніўся 31 год. Ён адвучыўся ў школе з паглыбленым вывучэннем замежных моваў, а пасля паступіў у БДЭУ.

Фота з фэйсбука

На працягу шасці гадоў Аляксей Калаўр працаваў у банкаўскай сферы, нейкі час у Расіі, але пераважна ў структуры «БПС-Сбербанка». Апошняя яго пасада — намеснік начальніка аддзела развіцця карпаратыўнага бізнэсу.

А месяц таму сын старшыні Нацбанка перайшоў на працу ў кампанію Epam на пазіцыю вядучага бізнэс-аналітыка.

Ягоны малодшы брат Уладзімір таксама выпускнік БДЭУ. І ён таксама доўгі час працаваў «БПС-Сбербанку».

Цяпер Уладзімір прадстаўлены ў сацсетках як намеснік дырэктара дэпартамента стратэгічных інавацый і лічбавага бізнэсу «Банка БелВЭБ». Гэта той банк, якім кіраваў ягоны бацька да свайго вяртання ў Нацбанк.

Фота з фэйсбука

Чытайце таксама. Self-made man: гісторыя поспеху Паўла Калаўра, рэпартаж з яго малой радзімы

* * *

Уладзімір Сямашка, віцэ-прэм’ер

Галоўны газавы перамоўшчык краіны — чалавек старэйшага веку. Знайсці ў сацсетках яго дзяцей не ўдалося.

«Я толькі рады, што мая старэйшая дачка цэлы год адвучылася ў Англіі, — расказваў некалі Сямашка «Народнай волі». — У яе дзве вышэйшыя адукацыі, яна паспяхова скончыла Беларускі дзяржаўны універсітэт — факультэт матэматыкі, потым «наргас».

Я нават хацеў, каб яна адчула жыццё ў Англіі, параўнала ўзровень адукацыі. Дарэчы, яе параўнанні не ў карысць Кембрыджа. Яна вярнулася з Англіі і працуе ў Мінску. Сказала, што ніколі ў жыцці з Беларусі не з'едзе…».

* * *

Аляксандр Канюк, генеральны пракурор

У сям'і Аляксандра і Святланы Канюкоў у 2004 годзе адбылася трагедыя — загінуў старэйшы сын Уладзімір.

Малодшаму Дзмітрыю цяпер 29 гадоў. Хлопец скончыў юрыдычны факультэт БДУ, некалькі гадоў паспрабаваў сябе ў юрыспрудэнцыі, але ў выніку пайшоў у сферу інфармацыйных тэхналогій.

Дзмітрый Канюк, фота з фэйсбука

Дзмітрый — менеджар у мінскім офісе IT-кампаніі PandaDoc. Гэты стартап беларускіх хлопцаў прыцягнуў больш за 20 мільёнаў ад замежных інвестараў. Апроч таго, сын генеральнага пракурора практыкуе як бізнэс-трэнер.

* * *

Андрэй Раўкоў, міністр абароны

Дачка міністра Юлія вучылася ў Эканамічным універсітэце. Яна гадуе малую дачку. Хобі Юлі — выраб упрыгожванняў з лямцу.

фота vk.com

Чытайце таксама: «Былых крамлёўцаў не бывае». Пяць фактаў пра новага міністра абароны Андрэя Раўкова

* * *

Мікалай Снапкоў, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта

У чыноўніка, які вызначае ў Адміністрацыі прэзідэнта развіццё эканомікі, два сыны.

Старэйшы — 28-гадовы Ілля — скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Паводле інфармацыі ў сацсетках, ён працуе ў аддзеле маркетынгу і дамоўнай працы Рэспубліканскага цэнтра тылавога забеспячэння ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях. Ілля Снапкоў адказвае за дзяржаўныя закупкі.

Ілля Снапкоў з жонкай Стэфаніяй. Фота vk.com.

Малодшаму Захару 16 гадоў. Ён вучыцца ў сталічнай гімназіі. Па словах бацькі, Захар сам вырашыў вучыць кітайскую мову.

* * *

Сямён Шапіра, старшыня Федэрацыі хакея Беларусі

У былога губернатара Гродзеншчыны і Міншчыны двое дзяцей.

Старэйшы сын — Андрэй — скончыў Эканамічны ўніверсітэт. Ён працуе ў агракамбінаце «Дзяржынскі» намеснікам генеральнага дырэктара па інавацыях і турызме. У сферы яго кантролю — Цэнтр экалагічнага турызма «Станькава» і база адпачынку «Хатава».

Фота vk.com.

Дарэчы, менавіта з агракамбіната «Дзяржынскі» Шапіра-старэйшы сыходзіў на пасаду міністра сельскай гаспадаркі.

Дачка Ганна скончыла юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «правазнаўства». Цяпер яна разам з мужам жыве ў Мінску. Ён па прафесіі доктар.

Фота vk.com

Чытайце таксама: Ліберал, які стаў жандарам. Гісторыя жыцця Сямёна Шапіры (2013)

* * *

Наталля Качанава, кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта

У яе дзве дачкі — Вольга і Алена.

Вольга паступіла ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на спецыяльнасць «педыятрыя». Адвучыўшыся, яна вярнулася на малую радзіму разам з мужам, таксама педыятрам. Вольга працуе ў наваполацкім раддоме і гадуе двух дзяцей.

Алена скончыла аддзяленне замежных моваў гісторыка-­філалагічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яна пазначыла гэты ўніверсітэт як месца працы. Але найхутчэй, Алена знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку — маленькай дачцэ Міраславе каля года.

фота ok.ru

Чытайце таксама: Гісторыя жыцця Наталлі Качанавай: як валейбалістка з водаканала стала самай высокапастаўленай жанчынай Беларусі (2016 год)

* * *

Іван Наскевіч, кіраўнік Следчага камітэта

Галоўны следчы — шматдзетны бацька. У сям'і чацвёра дзяцей.

Альбіна вучыцца на факультэце англійскай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Адзначым, што дзяўчына ў свой час была рэкамендаваная для залічэння ў Расійскі ўніверсітэт дружбы народаў па праграме «Расійскага супрацоўніцтва», аднак вырашыла застацца на радзіме.

Даніла сёлета паступіў на першы курс фармацэўтычнага факультэта Медуніверсітэта, прычым на бюджэтнае навучанне. Гэта значыць, што ён паказаў бліскучыя веды на ЦТ, бо прахадны бал на гэты факультэт касмічна высокі.

Меншы сын чыноўніка пакуль вучыцца ў сярэдняй школе. Самай маленькай дачцэ, Марыі, два гады.

Чытайце таксама. Цераблічы: рэпартаж з радзімы новага кіраўніка Следчага камітэта і расповед пра ягоную сям'ю ФОТЫ (2015 год)

* * *

Васіль Мацюшэўскі, першы віцэ-прэм’ер

24-гадовы сын Ян ідзе шляхам бацькі. Год таму ён згадваўся як магістрант Інстытута бізнэсу і менеджменту тэхналогій БДУ.

Чытайце таксама: Топ-менеджар з еўрапейскай адукацыяй: гісторыя жыцця першага віцэ-прэм'ера Васіля Мацюшэўскага (2015 год)

* * *

Дзмітрый Лукашэнка, кіраўнік Прэзідэнцкага спартыўнага клуба

У сям'і Дзмітрыя Лукашэнкі тры дачкі. Старэйшыя Дар’я і Настасся, а таксама маленькая Аляксандра, на здымку яна на руках у мамы.

Дар’я і Настасся некалькі гадоў таму перамаглі ў спаборніцтве аўтараў беларускамоўных казак, а пасля яшчэ і ў конкурсе інструментальнай музыкі «Маладыя таленты Беларусі».

* * *

Максім Рыжанкоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта

У сям'і чыноўніка расце дачка Уладзіслава, ёй 9 гадоў.

Чытайце таксама: Са спорту ў Адміністрацыю прэзідэнта: пяць фактаў пра Максіма Рыжанкова

* * *

Васіль Жарко, віцэ-прэм’ер

Пра адзіную дачку чыноўніка карэспандэнтам «Нашай Нівы» расказвалі сваякі сям'і.

Вольга скончыла гістарычнае аддзяленне брэсцкага ліцэя, а ў 2007 паступіла на факультэт міжнародных адносінаў БДУ. Падчас вучобы яна выйшла замуж і нарадзіла сына. Праз некалькі гадоў у сям’і нарадзілася яшчэ і дачка.

Чытайце таксама: Па слядах Пастаялкі: як Васіль Жарко зрабіў кар’еру міністра аховы здароўя

* * *

Андрэй Шорац, старшыня Мінгарвыканкама

У сям'і кіраўніка Мінска двое малых дзяцей — Іван і Дар'я.

* * *

Андрэй Уцюрын, першы намеснік дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі

24-гадовы Антон Уцюрын цяпер працуе ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Ён займае пасаду менеджара праектаў у кампаніі Itransition. Гэта адзін з найбуйнейшых распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння ў Беларусі, у якім працуе больш за 1500 чалавек.

Сын былога кіраўніка аховы Аляксандра Лукашэнкі скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ. Падчас летніх канікул ён двойчы праходзіў дадатковае навучанне ў Лондане.

Пасля заканчэння вучобы Антон папрацаваў год у кампаніі «Белспецзнештэхніка», якая займаецца продажам зброі за мяжу.

фота з твітара

* * *

Генадзь Давыдзька, старшыня Белтэлерадыёкампаніі

Дачка Яніна скончыла Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Мяркуючы па анкеце ў сацыяльных сетках, яна працуе ў «Мінскпраекце».

фота vk.com

Чытайце таксама: Князь Вітаўт з Калымы: гісторыя поспеху (ці падзення) Генадзя Давыдзькі

* * *

Міхаіл Русы, віцэ-прэм'ер

У ягонай сям’і дзве дачкі. Старэйшая, Таццяна, скончыла факультэт тэхналогіі арганічных рэчываў Тэхналагічнага ўніверсітэта, а малодшая Юлія вучылася на фінансіста ў Эканамічным універсітэце.

Таццяна Русая.

Юлія Русая, фота vk.com

Чытайце таксама: Гісторыя жыцця Міхаіла Русага, міністра, які пераседзеў усіх прэм’ераў

* * *

Уладзімір Калтовіч, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю

У сям’і міністра двое дзяцей. Старэйшая — Аляксандра. Адметна, што на старонцы «Укантакце» яна падпісаная па-беларуску (як, дарэчы, і яе муж).

Аляксандра вучылася на завочным і працавала ў «Гандлёвым доме «На Нямізе». Нядаўна яна нарадзіла дзіця.

Малодшы сын, Іван, скончыў мінскую гімназію-каледж мастацтваў, пасля паступіў у Акадэмію мастацтваў на факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Іван у цэнтры. Фота Укантакце.

Чытайце таксама: Гісторыя жыцця самага моднага міністра, які можа праславіцца, узаконіўшы беларускамоўныя этыкеткі

* * *

Алесь Карлюкевіч, міністр інфармацыі

Адзіная дачка Вераніка скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у 2009 годзе. Ёй 31 год, яна спецыялізуецца на кітайскай мове. Выкладала ў БДУ, адказвала за сувязі з грамадскасцю ў гатэлі «Пекін». Цяпер Вераніка Карлюкевіч жыве ў Маскве, дзе працуе піяр-дырэктаркай у кітайскай кампаніі «Карпарацыя ZTE — Сувязьтэхналогіі».

Чытайце таксама: Пісьменнік, вайсковец, удавец: пяць фактаў пра міністра інфармацыі Алеся Карлюкевіча

* * *

Валерый Малашка, міністр аховы здароўя

Сын міністра Антон Малашка працягнуў сямейную дынастыю. Ён працуе хірургам у траўматалагічным аддзяленні Магілёўскай абласной бальніцы. Дарэчы, жонка Антона — таксама медык.

Антон Малашка (злева) і загадчык траўматалагічнага аддзялення Магілёўскай абласной бальніцы Алег Абялевіч (справа). Фото: mogilevnews.by.

Чытайце таксама: Пяць фактаў пра доктара Валерыя Малашку

* * *

Андрэй Худык, міністр аховы прыродных рэсурсаў

36-гадовы сын Вадзім — дырэктар кампаніі «Ліданафтапрадукт». Ён скончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, працаваў на «Лідахлебапрадукце», пасля стаў начальнікам запраўкі ў Лідзе. Адтуль Худык-малодшы пайшоў на павышэнне — ён стаў курыраваць працу ўсіх заправак «Газпрамнафты» на Гродзеншчыне. А год таму вярнуўся ў Ліду ў якасці дырэктара нафтавай кампаніі. У яго сям'і растуць два сыны.

Вадзім Худык з сям'ёй.

Яшчэ адзін сын міністра, Мікалай, вайсковец.

Чытайце таксама: Сын — дырэктар прадпрыемства, брат — начальнік тульскай паліцыі: пяць фактаў пра новага міністра прыроды

* * *

Уладзімір Вашчанка, міністр па надзвычайных сітуацыях

Абодва дзіцяці галоўнага ратавальніка краіны — Ірына і Дзмітрый — скончылі факультэт эканомікі і права Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пасля завяршэння навучання Ірына каля года папрацавала ў магілёўскім Праматамнаглядзе і Магілёўаблмаёмасці. Апошнія 13 гадоў яна працуе ў Дзяржпрамнаглядзе — гэта арганізацыя, падкантрольная міністэрству, якое ўзначальвае яе бацька.

Цяпер Ірына Вашчанка займае пасаду начальніка аддзела міжнароднага супрацоўніцтва і гадуе малога сына.

Ірына Вашчанка. Фота Vk.com

Дзмітрый Вашчанка. Фота Ok.ru

* * *

Чытайце таксама: Ад Абельскай да Ярмошынай: 112 уладальнікаў катэджаў у Драздах, поўны спіс

Чытайце таксама: Дзе жывуць і чым займаюцца дзеці лідараў беларускай апазіцыі?

nn.by