Навальнага не пусцілі на выбары ў Расіі, ён заклікаў да байкоту
Цэнтрвыбаркам вырашыў не рэгістраваць групу выбаршчыкаў, якая вылучыла апазіцыянера на прэзідэнцкія выбары, праз судзімасці Навальнага. Апошні ў выпадку адмовы ў рэгістрацыі абяцаў вулічныя акцыі і байкот выбараў.
25.12.2017 / 17:54
Аляксей Навальны. Фота euronews.com.
Ініцыятыўная група, якая вылучыла на прэзідэнцкія выбары заснавальніка Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага, не можа быць зарэгістраваная праз яго судзімасці па справе «Кіраўлесу». Да такой высновы падчас пасяджэння ў панядзелак, 25 снежня, прыйшлі чальцы Цэнтрвыбаркама, перадае карэспандэнт РБК.
З 13 сябраў ЦВК 12 прагаласавалі за нядопуск Навальнага на выбары. Мікалай Левічаў, які ўдзельнічаў з Навальным у мэрскіх выбарах, не стаў галасаваць праз канфлікт інтарэсаў.
«Не мае права быць абраным грамадзянін, які мае на дзень вылучэння непагашаную ці не знятую судзімасць за цяжкія злачынствы, — заявіў сябра ЦВК Барыс Сафараў. — Судзімасць захоўваецца, яна не была знятая або пагашаная. Адмовіць у рэгістрацыі групы выбаршчыкаў, створанай для вылучэння Аляксея Навальнага, у сувязі з адсутнасцю ў яго пасіўнага выбарчага права». У чальцоў ЦВК няма ніякіх падставаў сумнявацца ў законнасці і справядлівасці гэтага рашэння, дадаў сябра ЦВК.