Навукоўцы вызначылі найбольш прыдатны для навучання ўзрост

Ва ўзросце ад 17 да 20 гадоў чалавек засвойвае інфармацыю лягчэй, чым у пазнейшыя гады або ў дзяцінстве. Адпаведнае даследаванне апублікавана ў часопісе Nature Communications.

26.12.2017 / 15:38

Па дадзеных навукоўцаў, важную ролю ў працэсе навучання адыгрывае дарсалатэральная частка паласатага цела мозгу. Змены актыўнасці гэтай структуры мозгу ў залежнасці ад узросту раней вывучаны не былі.

Спецыялісты Лейдэнскага ўніверсітэта — старэйшага ў Нідэрландах — правялі эксперымент, у якім прынялі ўдзел 232 чалавекі ва ўзросце ад 8 да 25 гадоў без неўралагічных захворванняў. У ходзе выпрабаванняў неабходна было рашыць лагічнае заданне з варыянтамі адказу, навучаючыся з дапамогай падказак камп'ютара.

Вынікі сканавання мазгоў удзельнікаў паказалі, што актыўнасць паласатага цела залежыла ад узросту і дасягала максімуму ў людзей ва ўзросце ад 17 да 20 гадоў.

На думку навукоўцаў, даследаванне паказвае, што гэты ўзрост з'яўляецца ўнікальным этапам, на якім мозг чалавека найбольш эфектыўна ўспрымае інфармацыю.

nn.by